Беларуская Служба

Беларусы ў эміграцыі чытаюць розныя кнігі, але ўсе бяруць “Каласы пад сярпом тваім”

23.08.2024 12:27
Амаль за два гады эміграцыі спадарыня Наталля сабрала беларускую бібліятэку з 200 кніг. Ёй актыўна карыстаюцца каля сарака беларусаў у Познані.
Аўдыё
  • Беларусы ў эміграцыі чытаюць розныя кнігі, але ўсе бяруць “Каласы пад сярпом тваім”
На палічцы беларускай бібліятэкі ў Познані Фота: П. Залескі, https://www.polskieradio.pl/396

Беларусы хацелі мець сваю бібліятэку

Беларуская бібліятэка называецца “Кніжная палічка ў Познані”. Спадарыня Наталля, з’язджаючы з сям’ёй у эміграцыю, не забылася ўзяць з сабой і беларускія кнігі. Іх было ўсяго каля 15, прычым пераважна з дзіцячай літаратуры. З гэтага ўсё і пачалося.


– Ідэя стварэння бібліятэчкі ўзнікла неяк сама па сабе. Калі мы пераязджалі, узялі частку кніг з сабой, а потым я ўбачыла ў чатах, што людзі хацелі б мець беларускую бібліятэчку і часта пра гэта пісалі. Вось так усё і пачалося. Я адкрыла свой чат, прарэкламавала яго ў агульным чаце беларусаў у Познані і пачала апісваць кніжкі, якія ў мяне ўжо былі. Брала кнігу і апісвала, пра што яна, каму можа быць цікавая, каму спатрэбіцца.

 І як адрэагавалі чытачы на вашу ідэю?

– Я не магу сказаць, што была нейкая чарга за кнігамі, але людзі нешта пыталіся, бралі кніжкі, усё адбывалася паціху. Але з іншага боку з бібліятэкамі заўсёды так – там няма чэргаў. У той жа час існуюць асобныя групы людзей, якія заўсёды чытаюць. І такія ёсць у нас.

Пакуль месціцца на палічках, што на лесвіцы

Потым спадарыня Наталля пачала пісаць абвесткі, што збірае беларускія кнігі для сваёй бібліятэкі, каб у выніку тым, каму цікава, было лягчэй знайсці іх у адным месцы.

– Нехта прывозіў кнігі з сабой, нехта набываў тут. І зразумела, што ўсе здымаюць невялікія кватэры, і няма асабліва дзе захоўваць тыя кнігі. А ў мяне ёсць палічкі на лесвіцы, і вось пакуль што там месціцца наша бібліятэчка.

І як выглядае працэдура, каб узяць кніжку ў вашай бібліятэцы?

– Наўпрост можна напісаць мне ў чаце, мы дамаўляемся аб сустрэчы, калі зручна. Звычайна гэта ў цэнтры гораду. Я прыношу кніжку. І калі я ведаю чалавека, то гэта наогул без праблем – аддаю кнігу і ўсё. Калі з чалавекам сустракаюся першы раз, бяру невялікі задатак, а калі ён прыносіць кнігу назад і ўсё добра, то паўторна ўжо ніякіх задаткаў не бяру.

Папаўняю бібліятэку рознымі спосабамі

Дзеля пашырэння фонду кніг у бібліятэчцы суразмоўца спрабавала пісаць грант, але кажа, што з гэтага нічога не атрымалася. Тым не менш, некаторыя чытачы аддавалі ўласныя кнігі. А яшчэ знайшоўся чалавек, у якога таксама было нешта накшталт бібліятэкі, і яны разам вырашылі аб'яднаць свае калекцыі дзеля зручнасці чытачоў.

– А яшчэ праз інтэрнэт заказваю. Раней набывала кнігі ў Беларусі, і мне іх прывозілі, але апошнім часам гэта стала даволі небяспечна. Тым не менш, нядаўна знаёмыя прывезлі мне кнігу ў падарунак пра тое, чым беларуская мова адрозніваецца ад іншых славянскіх моў. Было вельмі прыемна. У мяне ў Беларусі засталася вялікая калекцыя выданняў “ARCHE”, а таксама “Нашай гісторыі”. Толькі вось цяпер прывезці гэта праблематычна.

Бяруць розныя кнігі, але ўсе чытаюць “Каласы пад сярпом тваім”

Я запытаўся ў спадарыні: хто яе чытачы, якія кнігі іх цікавяць, пра якія пытаюцца і бяруць?

– Гэта, напэўна, людзі сярэдняга ўзросту, ад 30 да 40 гадоў, каму цікава чытаць беларускамоўныя творы. Бо калі ты адарваны ад сваёй зямлі, хочацца чытаць беларускія творы, каб набыць часцінку дома. Добра бяруць пераклады замежнай літаратуры на беларускую мову. Вось “Валадар пярсцёнкаў” набыла першую частку, і зараз будзе і другая.

Наогул, шмат кніг набываю ў выдавецтва Янушкевіча. На мой погляд, гэта добрая справа, бо ён выдае шмат замежных сучасных аўтараў, якіх па-беларуску ніхто раней не выдаваў.

Ну, а бяруць, вядома, розныя кнігі. У нас зараз пад патранажам беларускага размоўнага клубу праводзяцца сустрэчы, дзе абмяркоўваем прачытанае. Ну, а бяруць і Севярынца, і Макіявеллі, і Дэкарта, нехта бярэ дзіцячую літаратуру. Але ўсе бяруць чытаць “Каласы пад сярпом тваім”. Гэтая кніга не затрымліваецца ў бібліятэцы.

У нашай літаратуры ёсць не толькі Купала і Колас…

Сама спадарыня таксама любіць чытаць розныя кнігі, але ўлюбёная – Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Наогул, яна лічыць, што бібліятэкі, падобныя да яе, варта развіваць, бо гэта не толькі месца, дзе можна пачытаць, прычым кожнаму чалавеку, але яшчэ і пабачыць, што беларуская літаратура багатая, а беларуская мова жывая.

– Я стварала бібліятэку, каб набываць сучасных аўтараў і паказаць, што наша мова не мёртвая, на ёй пішуць. У нас уяўленне ў большасці, што ёсць толькі Колас, Купала і Караткевіч, а я адкрыла для сябе і Бахарэвіча, і Чарнуху, які так цікава напісаў “Свінні”.

І ўсё гэта сучасны кантэкст: і жарты, і смех, і слёзы. Таму і ўзнікла ідэя бібліятэкі, каб паказаць, што ёсць добрыя беларускія кнігі і ёсць мова, якая жыве. Колькі год яе знішчаюць, а ў нас ёсць не толькі Колас і Купала, у нас ёсць сучасныя аўтары і сучасная літаратура.

Павел ЗАЛЕСКІ