Праз кіно паказаць лёс чалавека, разбурыць стэрэатыпы. Гэта асноўная ідэя трэцяга Летняга кінаагляду, які ладзіць Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ ў Варшаве. Дзякуючы фільмам палякі больш даведваюцца пра прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, якія жывуць у Польшчы. Сёлета ў ліпені, жніўні і верасні можна ўбачыць фільмы пра Украіну, Беларусь, Індыю, В'етнам і Грузію.
Кіно – гэта летапісец і каментатар сучасных падзей. Яно паказвае складанасць нашага свету, карыстаючыся ўніверсальнай мовай, якую разумеюць людзі розных нацыянальнасцяў, – гаворыць стваральнік і каардынатар фестывалю Матэвуш Тома (Mateusz Toma).
- Каб мы лепш разумелі адзін аднаго, каб было менш стэрэатыпаў. Гэта ўдаецца дзякуючы фільмам, якія мы паказваем. Для многіх польскіх гледачоў беларуская тэматыка новая і цікавая. Тым больш, што фільм «Мара. Беларусі сон» паказвае падзеі ў 2020 годзе з іншай перспектывы, у ім шмат сюррэалізму. Мы пастаянна вяртаемся да падзей 20-га года, калі закончыўся час адлігі і пачаўся перыяд нябачных раней рэпрэсій, з якімі і далей змагаюцца беларусы.
У рамках беларускага вечара, акрамя стужкі «Мара. Беларускі сон», былі паказаны два кароткаметражныя фільмы з Фестывалю Беларускага Кіно BulbaMovie – «Раскіданае гняздо» і «Апошняя начная змена». Два першыя вяртаюцца да выбараў 2020 года. Пра карціны распавёў дырэктар фестывалю BulbaMovie Януш Гаўрылюк.
- «Раскіданае гняздо» – фільм Валера Нескарадзянага, які жыве ў Славакіі, зʼехаў пасля выбараў. Ён зрабіў фільм у нейкай маленькай славацкай кінашколе. Гэта зусім невядомы аўтар, моцная студэнцкая праца, якая ўдзельнічала ў мінулым годзе ў нашым конкурсе «Маладое беларуска кіно». Другі фільм – «Мара» Сашы Кулак – быў на шматлікіх міжнародных фестывалях. На маю думку, самы цікавы фільм, калі ідзецца пра падзеі 2020 года. Шмат фільмаў паўстала на гэтую тэму больш публіцыстычных, дакументальных, а тут – фільм-сон, які вельмі кранае і доўга застаецца ў нашай памяці.
Карціна «Раскіданае гняздо» носіць аднайменны назоў з п’есай Янкі Купалы пра лёс сям’і, якую паніч выгнаў з уласнай хаты. Гэта стужка пра лёс сучаснай беларускай сямʼі, якая была прымушаная пакінуць родны дом у Беларусі і прасіць палітычнага прытулку ў Францыі. На жаль, у далёкай краіне ім прыходзіцца змагацца за права застацца, адстойваць яго праз суд. Аповед вядзецца ад імя бацькі, маці і дачкі. Яны не прымалі актыўнага ўдзелу ў пратэстах, былі толькі на адным маршы, і гэтага хапіла.
А трэці фільм – «Апошняя начная змена» – зняты ў Варшаве ў адным з гатэляў, дзе супрацоўніца, беларуска, ратуе жыццё кліенту, які паміраў ад перадазіроўкі наркотыкаў. Гэты фільм быў спецыяльна падрыхтаваны на конкурс фестывалю BulbaMovie, – адзначае яго рэжысёр Максім Швед.
- Гэта чысты док, змантаваны з камер назірання і відэа, якія запісвала дзяўчына падчас такой вельмі нервовай змены. Я трапіў у маладое кіно, хаця ўжо не такі і малады, але мая суаўтарка яшчэ цягне на гэтую частку. Вельмі прыемна, што Матэвуш звярнуў на нас увагу і запрасіў на фестываль з вельмі эксперыментальным фільмам.
Я запытала гледачоў, з якімі думкамі яны ішлі на паказ беларускіх фільмаў.
- Мне было цікава паглядзець беларускія фільмы, але таксама былі боязі, што карціны будуць сумныя, прыгнятаючыя. Я мару ўбачыць беларускі фільм пра нешта радаснае, аптымістычнае. Тут паказалі вельмі сумную гісторыю – сям’і прыйшлося збегчы ад пераследу, і яшчэ ў іх дзіця інвалід. Я захапляюся гэтай сям’ёй, але мне хацелася б паехаць у Беларусь без боязі, што не вярнуся. Немагчыма не аднесціся да сітуацыі ў Беларусі цяпер. Але агулам ідэя гэтага паказу фантастычная – «пад супольным небам». Польшча і Беларусь – такія блізкія краіны, а розніцы толькі ў галовах людзей.
- Гэта файна, калі розныя народы прэзентуюць сваю культуру, жывучы ў агульным інфармацыйным полі. Дзеля таго, каб людзі маглі лепш разумець адзін аднаго, будаваць узаемаадносіны. Я таксама быў прымушаны зʼехаць пасля 2020 года, за мной прыйшлі, хаця невядома, з-за чаго.
Летні кінаагляд яшчэ не закончыўся, а арганізатары плануюць ужо мерапрыемства ў будучым годзе. Да інтэнсіўнай працы іх натхняе поспех ідэі, якая збірае ў дворыку ў цэнтры Варшавы сотні гледачоў, якім цікавы лёс іншых людзей.
нг
Кінаагляд у Варшаве.