Беларусы, якія пражываюць у Польшчы, маюць магчымасць падтрымаць развіццё Беларускай школы ў Варшаве.
Праект «Беларускія магістраты» аб’явіў аб старце новай ініцыятывы, мэта якой – сабраць кола беларусаў, якія цягам пэўнага часу будуць рэгулярнымі данатамі падтрымліваць адукацыйную ўстанову.
Цімафей Акудовіч фота: прыватны архіў Цімафея Акудовіча
У размове з намі кіраўнік «Беларускіх магістратаў» Цімафей Акудовіч сказаў, што школе патрэбнае развіццё. Так, у мінулым годзе ў варшаўскай белшколе навучалася больш за 200 вучняў, сёлета ж было пададзена 500 заявак на прыём дзяцей.
«Намесніца дырэктара школкі нам сказала, што сёлета пададзена 500 заявак. Людзям цікава, таму што добрыя водгукі, нягледзячы на тое, што ў школкі не раскручаная рэклама: у іх не самы вялікі «Інстаграм», постэраў і бігбордаў яны не робяць. Але ёсць добрыя водгукі, ёсць сістэматычная праца, і гэта ўсё стварае цікавасць да гэтага праекта», – сказаў Акудовіч.
Цімафей Акудовіч таксама згадаў іншыя адукацыйныя ініцыятывы, якія рэалізаваліся альбо яшчэ рэалізуюцца ў супрацоўніцтве з «Беларускімі магістратамі». Гэта падтрымка клубу «Спадчына» ва Уроцлаве і варшаўскага спартыўнага клубу «Волат», а таксама іншых праектаў.
З Цімафеем Акудовічам размаўляе Валеры Саўко.
поўная размова – слухайце аўдыёфайл