Беларуская Служба

Як дыялог з прыродай і ўдзячнасць людзям - у Познані адкрылася выстава «Прамяні» беларускай мастачкі Вольгі Баравіковай

15.10.2024 06:04
Адметная рыса гэтай выставы — усе працы выкананы ў тэхніцы цыянатыпіі.
Аўдыё
  • Як дыялог з прыродай і ўдзячнасць людзям - у Познані адкрылася выстава «Прамяні» беларускай мастачкі Вольгі Баравіковай
На выставе «Прамяні» Вольгі БаравіковайПавел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Куратар выставы Ілля Меджумаеў, распавядаючы пра незвычайныя працы беларускай мастачкі, падкрэслівае, што гэта насамрэч дыялог з прыродай і выказванне ўдзячнасці людзям. Паводле яго слоў, працэс стварэння гэтых твораў незвычайны і цесна звязаны з прыродай. Спачатку трэба сабраць расліны, якія потым пераносяцца на палатно.

Аўтарцы, са слоў Іллі, даводзілася ў цёмным хляве раскладваць расліны на мокрай тканіне, зашываць іх і змочваць адмысловым растворам. Затым творы выстаўляюцца на сонца, прамяні якога пакідаюць на тканіне адметныя сляды раслін, а таксама адыгрываюць важную ролю ва ўсім працэсе стварэння.

- Па вялікім рахунку, цыянатыпія - гэта прырода, гэта лісце, гэта кветкі, бо яны пакідаюць найбольш цікавыя адбіткі на палотнах, на паперы. Але мы хацелі паказаць усе магчымасці гэтай тэхнікі, таму акрамя кветак і іншых раслін тут прадстаўлены каралі, а таксама адбіткі чалавечага цела. Хоць ніхто не ляжаў на працах пад сонцам 10 гадзін, кампазіцыя была пабудавана так, каб адбіткі нагадвалі фігуру чалавека, - распавядае Ілля Меджумаеў.

Ён адзначае, што тэхніка цыянатыпіі не вельмі распаўсюджаная сярод мастакоў не толькі ў Польшчы, але і ва Усходняй Еўропе ўвогуле. Аднак у Заходняй Еўропе яна набірае ўсё большую папулярнасць.

- Калі казаць пра Нямеччыну ці Францыю, то там гэтая тэхніка нашмат больш вядомая. Мастакі, якія працуюць у ёй, маюць большую папулярнасць, чым у Беларусі або Польшчы. Ва Усходняй Еўропе мастакоў, якія працуюць у тэхніцы цыянатыпіі, няшмат. Я бачыў некалькі аматараў, якія робяць нешта самі для сябе, напрыклад, на кашульках, але значных працаў ці выставаў не заўважаў, - кажа куратар.

Асаблівай каштоўнасцю выставы Вольгі Баравіковай, на думку Меджумаева, з'яўляецца тое, што ўдалося паказаць разнастайнасць матэрыялаў, на якіх выкананы працы.

- Яна цікавая тым, што тут прадстаўлены розныя медыя, на якіх створаны творы: лён, папера, старыя паштоўкі, старонкі кніг, дрэва, шкло. Мы хацелі паказаць усе магчымасці тэхнікі, і, здаецца, нам гэта ўдалося. Спадзяюся, гледачы ацэняць разнастайнасць матэрыялаў. У сутнасці, гэта выстава - падзяка прыродзе, спроба захаваць імгненнасць кветак і прыроды ў мастацтве.

Сярод наведвальнікаў выставы быў Аляксей, які ўважліва разглядаў працы і пагадзіўся падзяліцца сваімі ўражаннямі.

- Цікава. Тэхніка незвычайная - я прынамсі ніколі не бачыў нічога падобнага. Мне сказалі, што гэта падобна на праяўленне плёнкі ў фатаграфіі. Прыемныя колеры, цёплая атмасфера. Па некаторых працах відаць, што мастачка сапраўды брала кветкі, але нават калі і не, то ўсё роўна бачны лініі раслін. Думаю, мастачка не заўсёды магла прадбачыць, што атрымаецца, - кажа Аляксей.

Спадарыня Мартына адзначыла, што ў яе мастацтве важную ролю адыгрывае натхненне прыродай.

- Для мяне гэта цудоўная інспірацыя, бо я працую з культурай Фінляндыі, дзе таксама шмат увагі надаецца прыродзе. У працах, праўда, шмат цемры, але чалавек заўсёды чэрпае энергію з прыроды.

Спадар Андрэй звярнуў увагу на тое, што ўсе працы непадпісаныя і не маюць назваў.

- Думаю, у гэтым і ёсць сэнс. Не трэба шукаць у іх нейкага канкрэтнага значэння - варта проста глядзець на тэкстуры, колеры і тэхніку, якая надае звычайным рэчам незвычайны выгляд. Гэта глыбокая, філасофская праца, у якой кожны можа знайсці сваё.

Спадарыні Святлане спадабаліся колеры і малавядомая тэхніка мастачкі.

- Што цікава, мастачка выкарыстала розныя матэрыялы, паказаўшы, што творчасць можа існаваць не толькі на паперы, але і на тканіне, дрэве ці нават у выглядзе кветак. Гэта сведчыць пра шматграннасць мастачкі і магчымасць выразіць сябе рознымі спосабамі, - кажа Святлана.

Дарэчы, цыянатыпія стала вядомай яшчэ ў 1842 годзе, калі англійскі навуковец Джон Гершэль вынайшаў гэты метад. Спачатку ён шырока прымяняўся ў фатаграфіі, але пазней мастакі амаль забыліся пра яго. Цяпер тэхніка вяртаецца, як нешта новае.

Выстава «Прамяні» адкрылася ў памяшканні Фонду «Barak Kultury», які традыцыйна падтрымлівае беларускія культурніцкія праекты.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфай

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы