Гаворыць Арцём Задруцкі, куратар выставы «Пачуцці: Малюнкі палітвязняў Беларусі», былы палітвязень, ён таксама з'яўляецца аўтарам некалькіх малюнкаў:
— Гэтая выстава прысвечаная творчасці, пачуццям людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні. Гэта самабытнае мастацтва. У межах выставы вы можаце пабачыць розныя работы. Ёсць дакументальныя працы з ізалятара на вуліцы Акрэсціна, на якіх можна пабачыць, як выглядаюць камеры, якія ўмовы ўтрымання. Ёсць работа музыкі Надзеі Калач, ідэя якой пасля была ўвасобленая ў песню «Ваўкалак». Запрашаю на выставу, гэта вельмі цікавыя творы мастацтва!
Куратар выставы Арцём Задруцкі.
Цяпер большасць работ не даходзяць з турмаў, іх знішчаюць. Гэта частка гісторыі, якую трэба захаваць. На выставе прадстаўленыя ў асноўным лічбавыя копіі, арыгіналы мы збіраем і захоўваем.
Арцём Задруцкі — былы палітзняволены, пра свой тэрмін гаворыць, што ён невялікі, але гэта — тры гады жыцця:
— Мне складана апісаць свой турэмны досвед, гэта зойме шмат часу, але гэта непрыемны досвед. Вельмі хочацца, каб людзі такога ніколі не мелі.
Падчас адкрыцця выставы. Дзіяна Пінчук, Крысціна Дробыш, Алесь Папковіч.
Сярод аўтараў — прафесійны мастак, былы палітзняволены Алесь Папковіч.
— Я і дагэтуль маляваў. Ты спрабуеш адысці ад сітуацыі, нехта чытае кнігі, напрыклад. Але не заўсёды гэта магчыма з-за ўмоў, калі камера маленькая і ў ёй шмат людзей. Нехта вершы піша. Ёсць людзі, якія ніколі ў жыцці не пісалі вершаў, але ў турме пачынаюць.
У мяне ёсць адзін малюнак, з якім звязана асобная гісторыя. У зняволенні я сустрэўся з мастаком Генадзем Драздовым, ён у свой час таксама сканчваў Акадэмію мастацтваў, мы з ім калегі. У мяне было спатканне ў СІЗА, пасля я намаляваў трубку ад якой ідзе ланцуг, а ён кажа, што мае падобны малюнак. Гэта вельмі цікавы і годны чалавек.
Цяпер там экстрэмістамі-тэрарыстамі называюць нармальных людзей, гэта нейкі сюррэалізм. Не павінны людзі сядзець за тое, за што яны сядзяць. І гэта гадамі цягнецца.
Малюнак Алеся Папковіча.
Малюнкі Алеся Папковіча.
Малюнкі Паўла Севярынца.
.
.
.
Падчас адкрыцця выставы адбылася прэзентацыя дакументальнага музычнага альбому пра палітзняволеных «Пазначаныя жоўтым».
Алесь Папковіч браў удзел у запісе аднаго з трэкаў — «Вызваленне», у ім расказваецца, як людзі спрабуюць дыстанцыянавацца ад падзей у краіне:
— Усё, што ў альбоме, — праўдзівыя гісторыі. Людзі розныя, кожны па-свойму ставіцца. Я чацвёрты месяц на волі, але мяне «не адпусціла», моцны кантраст паміж падзеямі. Людзей катуюць там, а тут вось так...
Мы сядзелі і думалі, што ўжо вайна пачалася, такія былі ўмовы для нас.
І калі выходзіш — людзі, крамы, быццам бы ўсё нармальна. Ну, як нармальна — міліцыянты, сцягі, салдаты...
Выстава працягнецца да 15 снежня 2024 г. у Музеі Вольнай Беларусі (ul. Foksal 11, Warszawa). Альбом дасяжны на лічбавых платформах: Youtube,Soundcloud, Spotify, Music Apple, Amazon music, Boomplay .
вх