Прэм'ер-міністр федэральнай зямлі Цюрынгія і член Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) Марыё Фойгт дапусціў аднаўленне паставак расійскага газу ў Германію.
«Гэта магчыма – але вырашальным фактарам з'яўляецца заканчэнне вайны ва Украіне», – заявіў прэм'ер Цюрынгіі, паводле яго ФРГ даўно трэба пазбавіцца ад сваёй «наіўнасці». «Тры гады маральна разадзьмутай знешняй палітыкі - і да чаго гэта нас прывяло? Прыйшоў час рашуча ўстаць на абарону нямецкіх і еўрапейскіх інтарэсаў», - сказаў ён, удакладніўшы, што цяпер неабходныя «сур'ёзныя дыпламатычныя намаганні» для спынення расійска-ўкраінскай вайны.
Раней прэм'ер-міністр Саксоніі Міхаэль Крэчмер заклікаў абмеркаваць змякчэнне санкцый у дачыненні да РФ. Паводле яго, пазіцыя ўрада ФРГ адносна санкцый з'яўляецца «цалкам састарэлай» і «абсалютна не адпавядае таму, што зараз робяць амерыканцы».
Аднак кіраўніцтва Германіі не абмяркоўвае магчымасць запуску газаправода «Паўночны паток - 2», нягледзячы на адпаведную інфармацыю ў СМІ і заявы шэрагу палітыкаў ад ХДС, — заявіла 1 красавіка выконваючая абавязкі міністра замежных спраў ФРГ Аналена Бербок, выступаючы ў Кіеве.
DW/эж