Аўкцыённы дом Christie's мае намер выставіць на аўкцыён мастацкія работы, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту. Гэта выклікала пратэст з боку тысячаў мастакоў, якія падпісалі адкрыты ліст па гэтай справе, паведамляе Rzeczpospolita.
Нью-ёркскае аддзяленне брытанскага аўкцыённага дома Christie's зладзіла першую выставу работ, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту, а цяпер плануе выставіць іх на продаж.
Аўкцыён з больш за 20 работаў пад назвай: «Дапоўнены інтэлект», павінен адбыцца з 20 лютага па 5 сакавіка 2025 года. Гэта карціны, скульптуры і гравюры. Іх аўтары - самыя вядомыя стваральнікі лічбавага мастацтва, у тым ліку Рэфік Анадол, стваральнік Dataland - першага мастацкага музея штучнага інтэлекту ў Лос-Анджэлесе.
У адказ на гэтыя планы група мастакоў накіравала аўкцённаму дому адкрыты ліст, пад якім падпісаліся каля 3 700 чалавек. Яны звяртаюць увагу на тое, што алгарытмы штучнага інтэлекту несанкцыянавана выкарыстоўваюць творы, абароненыя аўтарскім правам і наогул «трэніруюцца» на створаных людзьмі творах.
Выкарыстанне штучнага інтэлекту ў шырокім разуменні творчай індустрыі на працягу апошніх гадоў раз'ядноўвае мастакоў, музыкаў і іншых творцаў. У згаданым асяроддзі ў алгарытмаў ёсць як прыхільнікі, так і заўзятыя праціўнікі.
Брытанскі аўкцыённы дом ужо прадаваў творы, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту, але пакуль не ладзіў аўкцыёнаў, цалкам прысвечаных гэтаму тыпу работ.
Коштавы дыяпазон работ, якія пойдуць з малатка, вельмі шырокі - цэны вагаюцца ад 100 да 1,7 мільёна долараў.
У адказ на пратэст мастакоў, прадстаўнік аўкцыённага дома заявіў, што «ўсе мастакі, прадстаўленыя на гэтым аўкцыёне, маюць моцную міждысцыплінарную адукацыю, а іхныя працы паказваюцца ў вядучых музеях».
У абарону аўкцыёну выступіла і аўтарка адной з работ Клер Сільвер. «Я працую са штучным інтэлектам, каб ствараць трансцэндэнтальнае мастацтва, мастацтва, якое выклікае ў гледача пачуццё невымоўнай праўды», - напісала Сівер на сваім афіцыйным сайце. «Разам мы ствараем творы лепшыя за тыя, што стваралі б паасобку», - дадала яна.
аз