Данута Шафлярска — легенда польскага кінематографа, уладальніца шматлікіх прэмій за ролі ў кіно і тэатры, лаўрэатка Польскай кінапрэміі «Арол» за сукупнасць творчасці. У 2017 годзе, калі яна перастала іграць у тэатры, ёй было 102 гады, і на той момант Шафлярска была найстарэйшай у свеце прафесійна актыўнай акторкай. У лютым споўнілася гадавіна нараджэння і смерці зоркі польскага тэатру і кіно.
Нарадзілася Данута Шафлярска 6 лютага 1915 года ў вёсцы Касажыскі на поўдні Польшчы. У 1939 годзе закончыла знакаміты варшаўскі Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва. Адразу пасля выпуску паступіла на службу ў віленскі Польскі тэатр на Пагулянцы, дзе працавала да 1941 года. На працягу двух гадоў сыграла каля 20 роляў — ад класікі да камедый.
Данута Шафлярска ва ўзросце 97 гадоў. PAP/Maciej Kłoś
Падчас вайны Данута Шафлярска іграла ў падпольных тэатрах, удзельнічала ў Варшаўскім паўстанні, а на тэатральную сцэну і ў кіно вярнулася ў 1946 годзе. Прычым яна знялася ў першым пасляваенным польскім фільме «Забароненыя песні». А пасля былі дзясяткі роляў у тэатры і кіно ды выкладанне тэатральнага майстэрства маладым артыстам.
Пасля вайны выступала на сцэне Старога тэатру ў Кракаве (1945–1946), а потым у Лодзі ў Камерным тэатры (1946–1949). У 1949 годзе, пасля закрыцця Камернага тэатру, разам з трупай пераехала ў Варшаву. Да 1957 года іграла ў Сучасным тэатры, затым — у Нацыянальным (1954–1966). З 1966 года і да пенсіі ў 1985 годзе іграла ў сталічным Драматычным тэатры. Потым у якасці запрошанай актрысы выступала на сцэнах практычна ўсіх варшаўскіх тэатраў.
Данута Шафлярска пайшла з жыцця 19 лютага 2017 года ва ўзросце 102 гадоў — яна памерла праз два тыдні пасля свайго 102-га дня нараджэння.
Данута Шафлярска на сцэне Нацыянальнага тэатру. 2012 год. PAP/ Jan Bogacz
Дэбютнай роляй Шафлярскай на прафесійнай сцэне стала Пернэта ў фарсе «Шчаслівыя дні» французскага драматурга Клода-Андрэ Пюжэ ў 1939 годзе. Затым, паводле яе слоў, яна мяняла ролі ў залежнасці ад узросту. Як правіла, яна іграла сапраўдных жанчын, поўных жыцця і энергіі, якія выпраменьваюць жаноцкасць. Актрыса выдатна адчувала сябе як у касцюміраваных пастаноўках, так і ў сучасных ролях.
Дарэчы, нават пасля 100-га юбілею пані Данута працягвала выходзіць на сцэну, у тым ліку варшаўскага Нацыянальнага тэатру. Калі ж у яе з’явіліся праблемы з перасоўваннем, то актрыса на тэатральную сцэну выязджала на вазку, а за пару тыдняў да сваёй смерці яна рыхтавалася да прэм’еры ў адным з варшаўскіх тэатраў.
У 2013 годзе, ва ўзросце 98 гадоў, падчас інтэрв’ю Польскаму радыё, Данута Шафлярская сказала, што не планавала быць акторкай, а хацела паступаць на медыцыну. Але ў дзіцячым узросце пачала іграць у аматарскім тэатры, а пазней, пасля заканчэння школы, паступіць у тэатральны інстытут яе ўгаварылі сябры.
— Пра мяне кажуць, што я — нейкая анамалія прыроды, таму што ў такім узросце не іграе ані адна акторка — не толькі ў Польшчы, але і ў свеце. У мяне існуюць пэўныя фізічныя абмежаванні, але інтэлектуальна — не скарджуся. У мяне добрая памяць, а ў лютым мне споўніцца 99 гадоў. Я б вельмі хацела дажыць да 100 гадоў, бо гэта быў бы мой першы юбілей. Бо раней я не любіла юбілеяў — яны мне нагадвалі пахаванне, калі цябе ўсе хваляць.
Будучы маладой дзяўчынай я нічога не чула пра ніякі тэатральны інстытут і не планавала быць акторкай. А ігру ў аматарскім тэатры ўспрымала як нейкую забаву, правядзенне свабоднага часу, і мне ў галаву не прыходзіла, што я буду артысткай. Увогуле, то я марыла паступаць на медыцыну, але мая сям’я не магла на гэта сабе дазволіць, бо мы не былі багатыя.
За шмат дзясяткаў гадоў прафесійнай працы яна сыграла ў амаль 80 фільмах і стварыла каля сотні тэатральных роляў. Данута Шафлярска прыняла ўдзел у першым польскім пасляваенным фільме «Забароненыя песні», і з таго часу яна пачала здабываць вялікую славу і любоў гледачоў.
Менавіта за ролю ў «Забароненых песнях» гледачы палюбілі акторку, а крытыкі называлі Дануту Шафлярску першай прыгажуняй пасляваеннага кінематаграфу. А адзін са старэйшых польскіх акцёраў згадваў, што Шафлярска да канца свайго жыцця захавала дзявочую грацыёзнасць.
У 2015 годзе Данута Шафлярска былы ўзнагароджаная прэзідэнтам краіны Ордэнам адраджэння Польшчы. PAP/Jacek Turczyk
Цікава тое, то шырокую вядомасць і папулярнасць сярод сярэдняга і маладога пакалення яна атрымала за 10 гадоў да сваёй смерці, у 2007 годзе, калі сыграла галоўную ролю ў фільме «Час паміраць» («Pora umierać») польскага рэжысёра Дароты Кэндзежаўскай (Dorota Kędzierzawska). У фільме яна сыграла ролю самотнай бабулі, якая чакае вечна занятага сына.
У 2015 годзе Данута Шафлярска былы ўзнагароджаная прэзідэнтам краіны Ордэнам адраджэння Польшчы, другой па старшынству дзяржаўнай узнагародай.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл