Арганізавала мерапрыемства беларуская фундацыя "Інстытут Мыслі Беларускай". Яе прадстаўніца, спадарыня Ала, напярэдадні напісання дыктоўкі распавяла пра праграму, якую яны падрыхтавалі.
— Гэта мерапрыемства будзе складацца з некалькіх частак. Перш за ўсё мы напішам нацыянальную дыктоўку, тэкст якой нам прачытае вядомы беларускі кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч, які адмыслова прыехаў дзеля гэтага з Варшавы. Пераможцы атрымаюць кніжныя прызы ад нашага шаноўнага госця. Таксама правядзём дыскусію па актуальных пытаннях кнігавыдавецкай справы ў Польшчы, пагаворым пра беларускія пераклады, якія рыхтуюцца да выдання, можна будзе задаць розныя пытанні Андрэю. А таксама, каб крыху адпачыць, зладзім кніжны квэст і паслухаем нашага барда Сяргея Чарняка. Ну і проста паразмаўляем паміж сабою аб розных сваіх справах.
Сама спадарыня Ала кажа, што асабіста адчувае неабходнасць гэтай акцыі, якая аб’ядноўвае беларусаў ва ўсім свеце.
— Звычайна дзеля гэтага выбіраецца адзін і той самы тэкст, каб падкрэсліць значэнне роднай мовы для жыцця чалавека. Сёння мы пішам дыктоўку па тэксце Янкі Купалы. Гэта яго публіцыстыка з 1914 года, якая, на жаль ці на шчасце, актуальная. Мы лічым, што мова з’яўляецца падставай для таго, каб захоўваць свае карані, каб аб’ядноўвацца на чужыне, гартаваць свае сілы і не губляцца. Таму гэты дзень вельмі важны для нас, і мы імкнёмся да таго, каб кожны дзень быў Днём роднай мовы.
У вялікай зале цішыня, усе месцы занятыя, толькі голас спадара Янушкевіча, які паволі чытае тэкст. Усе засяроджаныя, уважліва слухаюць і пішуць. Атмасфера яўна нагадвае ўрок беларускай мовы ў школе.
Пасля прачытання тэксту Андрэй Янушкевіч прызнаецца, што яму было вельмі прыемна зрабіць гэта і далучыцца такім чынам да святкавання Дня роднай мовы.
— Для мяне, дарэчы, гэта першы такі досвед. Я ўжо згадваў, што 33 гады не пісаў дыктантаў, ужо трохі і забыўся, як гэта робіцца, і, магчыма, дапусціў нейкія памылкі. Але сам факт, што ёсць такая вялікая зацікаўленасць, а дыктоўка — гэта такое падсумаванне ведання мовы, і калі людзям гэта цікава, значыць, яны жывуць гэтым. І гэта вельмі добра ў цяперашнія часы.
Карыстаючыся нагодай, удзельнікі дыктоўкі пацікавіліся ў спадара Андрэя, якія кнігі сёлета яны атрымаюць з яго выдавецтва.
— Мы добра пачалі новы год. Выпусцілі некалькі кніг арыгінальных беларускіх аўтараў, нарэшце выдалі чацвёртую кнігу з серыі пра Гары Потэра, на падыходзе ў нас міжнародныя бестселеры, напрыклад, раман Рэбекі Кван, двухтомнік Борхеса ў перакладзе Сяргея Шупы. Дзякуй Богу, выдавецкі партфель у нас напоўнены, і на бліжэйшыя паўгода-год мы дакладна ведаем, што будзем рабіць. І я ўпэўнены, што за гэты час запусцім яшчэ некалькі новых праектаў, якія, безумоўна, знойдуць свайго чытача.
А вось самая старэйшая ўдзельніца дыктоўкі, спадарыня Кацярына, прызнаецца, што апошні раз пісала беларускую дыктоўку ў школе 53 гады таму.
— Нармальна я напісала і думаю, што ў школу мы хадзілі не дарма. Засталіся веды, і самае галоўнае, што я хадзіла ў беларускую школу, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. У нас быў добры настаўнік беларускай мовы. Спакойны, ён вельмі дасканала нам усё тлумачыў. І я ўсё гэта памятаю.
Цікаўлюся ў маладых людзей, што іх прывяло сёння пісаць дыктоўку. Кажа Аляксандр:
— Для мяне гэта вельмі прыемна. З аднаго боку я пацешыў сваё эга, а з іншага зразумеў, што яшчэ памятаю беларускую мову, бо ў эміграцыі вельмі складана не блытаць яе з польскай. Навокал шмат польскага і беларускага кантэксту, і для мяне важна, што я не паблытаў усе нашыя славянскія мовы, бо часам у галаве блытаецца. Калі я пачуў тэкст дыктоўкі, напачатку было складана. Але я ўсё ж змог добра напісаць.
Побач Андрэй, ён усцешаны, бо за добрае напісанне дыктоўкі атрымаў у падарунак кнігу.
— Падарункі заўсёды прыемна атрымліваць, а ў дыктоўцы прыемна браць удзел, бо гэта такое мерапрыемства, якое мы ладзім усе разам, хоць знаходзімся ў розных кропках зямлі. І гэта важна, я лічу.
А вось Крысціна напісала дыктоўку лепш за ўсіх і атрымала ў падарунак кнігу ад выдаўца Андрэя Янушкевіча.
— Канешне, я задаволеная. Я сама лінгвіст, вывучала расійскую мову, але беларускую вучыла ў школе, дадаткова — не. А сюды прыйшла, каб падтрымаць сяброў і беларускую мову.
Спадар Аляксей кажа, што яму прыемна ізноў апынуцца нібы ў школе і ўзгадаць маладосць.
— Я падтрымліваю ўсё беларускае і беларускую мову. У школе дыктоўкі пісаў на пяцёркі, без памылак. Праўда, там былі не такія складаныя тэксты, як сёння. Ды і ручкай я ўжо даўно не пішу, а толькі на клавіятуры.
Спадарыня Вольга задаволеная, усміхаецца і кажа, што папросту атрымала сатысфакцыю ад зробленага.
— Мне таксама спадабалася, і гэта мая ўжо другая дыктоўка. Прыходжу сюды, каб падтрымаць такія беларускія ініцыятывы і сяброў.
А вось Дар’я кажа, што прыйшла на дыктоўку, каб падтрымаць салідарнасць з беларусамі ва ўсім свеце, якія сёння таксама ўшаноўваюць Дзень роднай мовы.
- Я была першы раз на напісанні такой дыктоўкі – мне вельмі спадабалася. Па колькасці памылак думаю, што перайшла ў наступны клас. Тут было вельмі міла і ўтульна, як у маёй школе. Я скончыла школу не так даўно, таму многае яшчэ памятаю і нядаўна нават думала, што было б нядрэнна спраўдзіць свае веды. І вось атрымалася…
Як высветлілася, Дзень роднай мовы для беларусаў — гэта не толькі напісаць дыктоўку, але і пабыць разам у добрым настроі, падтрымаць адзін аднаго і сваю родную мову.
Павел ЗАЛЕСКІ