Выданне «Rzeczpospolita» піша пра кітайскія інвестыцыі ў Беларусі. Пад Мінскам будзе збудаваны кітайскі гарадок, сімвал як партнёрства паміж краінамі, так і задоўжанасці Беларусі ў адносінах Кітая – адзначае аўтар.
Гарадок у кітайскім стылі паўстане на сотні гектараў зямлі непадалёк ад аэрапорту (40 км. ад сталіцы). У сваю чаргу ў адной з правінцый Кітая будзе створаны беларускі гарадок. І адну, і другую інвестыцыю павінны ўзяць на сябе кітайскія карпарацыі. Беларускія СМІ не пішуць, колькі гэта будзе каштаваць і хто за інвестыцыі заплаціць.
Аўтар мяркуе, што хутчэй за ўсё гэта будзе частка іншай кітайскай актыўнасці ў Беларусі – Індустрыяльнага парку «Вялікі камень», якая з’яўляецца самай буйной такога тыпу інвестыцыяй Кітая ў Еўропе.
На думку беларускіх аналітыкаў, супрацоўніцтва з Кітаем мае не толькі эканамічнае, але таксама геапалітычнае вымярэнне. Беларусь ужо некалькі гадоў таму заўважыла, што Кітай можа стаць эканамічнай альтэрнатывай Расіі, асабліва ва ўмовах эканамічнага канфлікту паміж Мінскам і Масквой. Такім чынам Беларусь стала залежнай у эканамічным плане не толькі ад Расіі, але таксама ад Кітая, – адзначае беларускі палітолаг Павел Усаў.
Цяпер, відаць, толькі Кітай ведае, колькі дакладна ён выдзеліў крэдытаў Беларусі. Большасць гэтых здзелак захоўваецца ў таямніцы. У ліпені Deutsche Welle спасылалася на даследаванні групы нямецка-амерыканскіх эканамістаў, з якіх вынікала, што доўг Беларусі Кітаю складае 13% беларускага бюджэту (летась гэта было 60 млрд. долараў).
нг