Беларуская Служба

Неўзабаве ў нашым рэгіёне Еўропы можа з’явіцца вялікі паліўны канцэрн

15.08.2019 10:12
У Польшчы рыхтуецца аб’яднанне гіганта PKN Orlen – найбуйнейшай польскай паліўнай фірмы, і групы кампаній Lotos. 
Аўдыё
  • Неўзабаве ў нашым рэгіёне Еўропы можа з’явіцца вялікая паліўная кампанія
Orlen i Lotos mają jednego właściciela, działają w tej samej branży ale działają oddzielnie.
Orlen i Lotos mają jednego właściciela, działają w tej samej branży ale działają oddzielnie.Pixabay

Неўзабаве ў нашым рэгіёне Еўропы можа з’явіцца вялікая паліўная кампанія. У Польшчы рыхтуецца аб’яднанне гіганта PKN Orlen – найбуйнейшай польскай паліўнай фірмы, і групы кампаній Lotos. Актуальна польскі бок падаў дакументы ў Еўрапейскую камісію, якая, згодна з працэдурамі, павінна адобрыць аб’яднанне.

Абедзьве кампаніі – дзяржаўныя. Польская дзяржава спадзяецца, што дзякуючы аб’яднанню фірмаў будзе створаны вялікі канцэрн, які зможа адыгрываць больш важную ролю на еўрапейскім і міжнародных рынках і больш паспяхова канкурыраваць з іншымі паліўнымі кампаніямі.
Дарэчы, пра аб’яднанне фірмаў PKN Orlen і Lotos гаворка ішла ўжо даўно, аднак прадпрыняць канкрэтныя крокі было вырашана некалькі месяцаў таму. Цяпер абодва акцыянерныя таварыствы вядуць перамовы з Бруселем, гаворыць старшыня праўлення PKN Orlen Даніель Абайтэк.

- Спачатку мы выслалі Еўракамісіі інфармацыйны ліст, пазней пачаліся сустрэчы з прадстаўнікамі Еўракамісіі, на якіх мы тлумачылі, для чаго неабходнае аб’яднанне фірмаў, чаму гэта мае служыць. Трэба было падрыхтаваць мноства аналітычных дакументаў, адказаць на сотні пытанняў.
Якім чынам будуць выглядаць далейшыя перамовы з Еўрасаюзам, гэта будзе залежыць і ад іх, і ад нас. Для нас самае галоўнае – вынік, а вынікам зьяўляецца аб’яднанне кампаній PKN Orlen і Lotos.

Кіраўніцтва фірмаў, а таксама польскі ўрад упэўненыя, што Брусель дасць згоду па аб’яднанне кампаній, дзякуючы чаму будзе створаны адзін з буйнейшых паліўных канцэрнаў у нашай частцы Еўропы.

Галоўная мэта аб’яднання – гэта імкненне да таго, каб быць больш канкурэнтназдольным суб’ектам гаспадарання, кажа старшыня праўлення PKN Orlen.

- Галоўная мэта аб’яднання – гэта пытанне канкурэнтаздольнасці. Эканамічная сітуацыя ў свеце, умацаванне кітайскіх ды амерыканскіх канцэрнаў прымушае нас да пэўных крокаў. Калі мы хочам працаваць на глабальных рынках, то нам трэба аб’ядноўвацца, таму што аб’яднанне нас умацоўвае і дае дадатковыя магчымасці. Аб’яднанне таксама вядзе да змяншэння коштаў функцыянавання кампаній, а гэта – адзін з падмуркаў канкурэнтназдольнасці.
У гэтай галіне мы не з’яўляемся піянерамі, таму што многія фірмы стараюцца канкурыраваць з кітайскімі і амерыканскімі канцэрнамі.
Ці Еўракамісія згодзіцца на аб’яднанне? Не вядома. Нядаўна Брусель, для прыкладу, не згадзіўся на тое, каб аб’ядналіся дзве вялікія кампаніі – не буду іх называць. Я не крытыкую камісію, у нас наладжана пазітыўнае супрацоўніцтва: нас слухаюць, прымаюць нашыя аргументы, і ў нас няма нейкага дыскамфорту, калі мы кантактуемся з Еўракамісіяй.

Паводле Даніеля Абайтэка, аб’яднанне кампаній PKN Orlen і Lotos прынясе карысці не толькі для фірм, але для дзяржавы і для жыхароў Польшчы, перш за ўсё таму, што прадбачыцца падзенне цэн.

- Мы павінны аб’ядноўвацца хоць бы таму, каб абразаць кошты, у выніку чаго цэны на паліва на АЗС не будуць падвяргацца моцным ваганням. У нас няма ўплыву на сусветныя цэны нафты, але калі мы, будучы вялікай кампаніяй, будзем купляць вялізныя партыі нафты, то зразумела, што цана на яе будзе меншай. Справа ў тым, што вялікія канцэрны індывідуальна вядуць перамовы наконт закупачнай цаны ў нафтаздабываючых кампаній альбо ў нафтатрэйдараў. Акрамя таго, дзякуючы аб’яднанню зменшацца кошты лагістыкі, транспарту і г.д. Канчаткова гэтыя фактары ўплываюць на цану паліва на АЗС.

PKN Orlen – найбуйнейшы ў Польшчы і адзін з буйнейшых у Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе паліўна-энергетычных канцэрнаў. Працуе на рынках Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Германіі і краін Балтыі, уладальнік вялікай сеткі АЗС. PKN Orlen мае шэсць НПЗ: тры ў Польшчы, два ў Чэхіі і адзін у Літве. Абарот канцэрну склада каля 40 млрд долараў ЗША. Пад актуальнай назвай кампанія працуе з 1999 года, хоць яе гісторыя сягае 1944 года. Штаб-кватэра фірмы знаходзіцца ў горадзе Плоцк у 100 км ад Варшавы – там жа размешчаны найбуйнейшы НПЗ фірмы.

Група кампаній Lotos займаецца здабычай і перапрацоўкай нафты і аптовым і рознічным продажам паліва. Штаб-кватэра фірмы і яе адзіны НПЗ знаходзяцца ў Гданьску. Гісторыя кампаніі Lotos сягае 1971 года, калі ў Гданьску пачалося будаўніцтва НПЗ. Абарот кампаніі складае каля 10 млрд долараў ЗША.

вс

слухайце аўдыё