Беларуская Служба

Палітыкі, прадпрымальнікі і эксперты абмяркоўвалі напрамкі развіцця польскай эканомікі на Кангрэсе 590

09.10.2019 13:33
На фоне іншых дзяржаў Еўропы, асабліва ў заходняй частцы кантыненту, эканоміка Польшчы развіваецца хуткімі тэмпамі.
Аўдыё
  • На Кангрэсе 590 абмяркоўваліся важнейшыя напрамкі развіцця польскай эканомікі
 .    590
Выступленне М. Маравецкага на Кангрэсе 590PAP/Darek Delmanowicz

Шэсць тысяч чалавек – прадстаўнікоў бізнесу, дзяржаўнай і муніцыпальнай адміністрацыі Польшчы ды экспертаў удзельнічала ў двухдзённым Кангрэсе 590, які завяршыўся ў паўднёва-ўсходняй частцы Польшчы. Якія былі важнейшыя тэмы падчас выступленняў і дыскусій?

Калі казаць у двух словах, то Кангрэс 590 прысвечаны напрамкам развіцця польскай эканомікі. Неабходна згадаць пра назву мерапрыемства – чаму 590? Гэтая лічба паяўляецца на пачатку нумарнога знаку пад штрых-кодам тавараў, вырабленых у Польшчы. Такім чынам, тэматыка кангрэсу датычыла самых розных галінаў, але галоўны матыў – польская вытворчасць, развіццё эканомікі, выхад яе прадукцыі на замежныя рынкі, інавацыйнасць у дзейнасці, новыя тэхналогіі ды інвестыцыі.

Дарэчы, для кіроўнай партыі, за некалькі дзён да выбараў, падобныя падзеі – гэта цудоўная нагода, каб пахваліцца дасягненнямі польскай эканомікі. А пахваліцца ёсць чым, паколькі на фоне іншых дзяржаў Еўропы, асабліва ў заходняй частцы кантыненту, эканоміка Польшчы развіваецца хуткімі тэмпамі, хаця некаторыя эканамісты перасцерагаюць перад магчымасцю рэцэсіі.

У панядзелак кангрэс адкрыў прэзідэнт Анджэй Дуда, у аўторак выступаў прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі, які згадаў пра дасягненні польскай эканомікі за апошнія гады, калі краінай кіруе партыя «Права і справядлівасць». Ён казаў, між іншым, пра рынак працы.

- Калі ў 2014 ці '15-ым годзе толькі 8% палякаў меркавала, што сітуацыя на рынку працы добрая або вельмі добрая, то цяпер гэта 58%. Так сталася дзякуючы вам, польскім прадпрымальнікам, але таксама дзякуючы крокам польскай дзяржавы, якая ўсімі сіламі падтрымлівае польскі бізнес, польскую прамысловасць, польскі экспарт за мяжу краіны. Нельга забываць, што польскі экспарт дае працоўныя месцы тут, у Польшчы.

Кіраўнік Рады міністраў адзначыў, што польскі ўрад увёў шмат сацыяльных праектаў, пра якія апазіцыя казала, што іх немагчыма спалучыць з эканамічным ростам. Аказалася, што яны, між іншым, праграма дапамогі сем’ям з дзецьмі 500+, не толькі не перашкаджаюць у развіцца эканомікі, а нават могуць яму спрыяць, паколькі расце ўнутраны попыт. Матэвуш Маравецкі згадаў, што ўрад прызначыў на сацыяльную палітыку некалькі дзясяткаў мільярдаў злотых.

- Мы прызначылі каля 70-80 млрд. злотых на сацыяльныя мэты. Гэтыя сродкі былі адабраныя ў мафіёзных структур, якія абкрадалі дзяржаву ў выніку падатковых махінацый. Звярніце ўвагу, што мы не накладвалі на фірмы новыя падаткі, каб атрымаць больш грошай, наадварот, мы панізілі падатак на дададзеную вартасць на некаторыя тавары, панізілі падатак для прадпрымальнікаў, якія зарабляюць да 2 млн. еўра. А гэта 95% усіх прадпрымальнікаў.

На кангрэсе ішла таксама гаворка пра энергетыку, якая ў Польшчы значна адрозніваецца ад заходнееўрапейскай. Міністр энергетыкі Кшыштаф Тхужэўскі згадваў, што паводле планаў ЕЗ, у сярэдзіне стагоддзя Польшча павінна стаць нейтральнай для навакольнага асяроддзя, гэта значыць, амаль не выкідваць цяплічных газаў у атмасферу. Па словах міністра, для польскай эканомікі гэта будзе кошт нават 500 млрд. еўра. Сакратар з Канцылярыі прэм’ер-міністра Пётр Наімскі супакойвае, што ніхто не можа прымусіць Польшчу цалкам адмовіцца ад выкарыстання вугалю.

- Еўрапейскі Звяз яшчэ не прыняў пастановы, паколькі на пасяджэнні Еўрапейскай рады прэм’ер-міністр Маравецкі выступіў з супрацівам і папрасіў падрыхтаваць аналіз коштаў, колькі гэта будзе каштаваць паасобным дзяржавам ЕЗ. Калі б Польшча цалкам адмовілася ад вугалю, кошты маглі б быць сапраўды такія, як казаў міністр Тхужэўскі. Мы будзем пераконваць нашых еўрапейскіх калег, што наша сітуацыя спецыфічная, неабходна гэта ўзяць пад увагу.

Яшчэ ў 90-ыя гады амаль 100% электраэнергіі ў Польшчы выраблялася на вугальных электрастанцыях, цяпер – каля 80%. Пётр Наімскі кажа, што праз 20 гадоў урад плануе панізіць гэты паказчык яшчэ на 20-30 адсоткаў, развіваючы атамную і ветравую энергетыку. Так што Польшча імкнецца зменшыць выкарыстанне вугалю ў энергетыцы, які лічыцца «брудным» палівам, але яна не можа сабе дазволіць зусім ад яго адмовіцца.

Польская дзяржава можа стаць лідарам у галіне аказання паслуг з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, якія бяруць пад увагу ахову навакольнага асяроддзя. Аб гэтым ішла гаворка ў выступленні віцэ-міністра навакольнага асяроддзя Славаміра Мазурэка. Паводле яго меркавання, Польшча багатая прыроднымі рэсурсамі, а прадпрымальнікі маглі б імі разумна карыстацца. Вельмі важна пра гэта згадваць падчас падрыхтоўкі прававых нормаў Еўрапейскага Звязу, паколькі рашэнні ў заходніх краінах прымаліся ў зусім іншых умовах.

- Эканамічны рост у нашых заходніх суседзяў адбываўся ў зусім іншых рэаліях. Польшча хутка даганяе заходнія краіны, і тут пытанні аховы навакольнага асяроддзя не павінны быць перашкодай. Мы можам выкарыстаць патэнцыял нашага прыроднага багацця, і пры гэтым адказваць на патрэбы аховы навакольнага асяроддзя, прапануючы новыя паслугі, уводзячы інавацыйныя праекты. Гэта галіна паслуг, у якой Польшча можа стаць лідарам.

У Ясёнцы пад Жэшавам закончыўся Кангрэс 590 – сустрэча палітыкаў, прадпрымальнікаў ды навукоўцаў. Цягам двух дзён госці форуму размаўлялі пра эканоміку, навакольнае асяроддзе, сельскую гаспадарку і сучасныя тэхналогіі.

ІАР ПР/нг