Перад каляднымі святамі на выездзе з Польшчы ў Беларусь утварылася вялікая чарга. Перасячэнне мяжы на аўтобусе займае больш за суткі. Турысты раяць дабірацца да мяжы на таксі і падсаджвацца ў легкавыя аўтамабілі.
У Польшчы пачынаюцца калядныя святы. 24 снежня звычайна з'яўляецца скарочаным працоўным днём, а 25-е і 26-е — выходныя. Шмат хто бярэ дадатковыя выходныя, каб зрабіць доўгі калядны адпачынак.
Згодна з інфармацыяй у памежных чатах, на выезд з Польшчы ў Беларусь чакаюць больш за 120 аўтобусаў. Тыя, хто стаў у чаргу 21 снежня, перасякалі мяжу за 28 гадзін, з якіх больш за 20 гадзін чакалі пад'езду да шлагбаума. Затым, ужо на беларускім баку, час расцягваюць допыты і агляды.
— Заехалі ў беларускі двор, перад намі было 6 або 7 аўтобусаў. Далей — узмоцнены агляд кожнага. Разбіралі нават запальнічкі. Некалькіх чалавек адправілі на допыт, — напісаў адзін з карыстальнікаў памежнага чата.
Тыя, хто выехаў 22 снежня і пазней, стаяць яшчэ даўжэй. Па некаторых ацэнках, чаканне можа даходзіць да 40 гадзін. Некаторым удаецца прайсці мяжу за суткі, але для гэтага трэба падсаджвацца ў аўтобусы, якія стаяць бліжэй да мяжы.
Многія турысты прызнаюцца, што не памятаюць, каб сітуацыя была настолькі складанай.
— Такі калапс на мяжы ўпершыню. Я прайшоў і еду ў Мінск. Усё ўжо за спінай, — напісаў адзін з падарожнікаў.
Турысты раяць за плату падсаджвацца ў легкавыя аўтамабілі, якія стаяць бліжэй да мяжы.
— З уласнага вопыту. Учора (22 снежня) у 15:20 [па польскім часе] прыехалі цягніком у Цярэспаль. На таксі за 10 злотых з чалавека дабраліся да шлагбаума, папрасіліся ў шосты ад шлагбаума аўтамабіль за 75 долараў з чалавека. У 23:30 (беларускі час) былі ўжо ў цэнтры Брэста. Усяго 6 гадзін на ўсё. Прасіцеся ў легкавыя, яны хутчэй праходзяць мяжу, і не саромейцеся самі называць цану, — раіць карыстальнік Дзяніс у памежным чаце.
У розны час чарга з аўтамабіляў расцягвалася на 7-9 кіламетраў ад мяжы.
На выездзе з Беларусі ў Польшчу сітуацыя, наадварот, спакойная. Паводле звестак Памежнага камітэта Беларусі, чэргаў легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на пункце пропуску «Брэст» няма.
Раней намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка звяртаўся да намесніка ваяводы Люблінскага ваяводства Войцеха Волаха ў сувязі з магчымым павелічэннем пасажырапатоку на мяжы падчас святаў. У адказе ад 13 снежня Волах адзначыў: «Мы прыкладаем усе намаганні, каб польскія памежныя службы забяспечвалі бесперабойнае праходжанне кантролю для людзей і транспартных сродкаў у абодвух напрамках перасячэння дзяржаўнай мяжы, у тым ліку ў святочныя перыяды».
Крыніца: «Мост»
нг