Беларуская Служба

У галіне лічбавай эканомікі Польшчы ёсць чым ганарыцца

27.06.2020 10:00
Польскія фірмы рыхтуюць праграмы ды прыкладанні, якімі карыстаюцца ў розных галінах эканомікі ў Еўропе ды на свеце.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePixabay

У выданні Sieci інтэрв’ю з міністрам аблічбоўкі Марэкам Загурскім (Marek Zagórski). Часопіс праводзіць кампанію пад загалоўкам «Я купляю, бо польскае» – акцыю прасоўвання польскіх тавараў і паслуг. Ці ў галіне лічбавай эканомікі Польшчы ёсць чым ганарыцца, ці ёсць падставы прапанаваць сваім жыхарам купляць польскае?

Па словах міністра, лічбавымі прадуктамі польскай вытворчасці, якія вядомыя па ўсім свеце, з’яўляюцца камп’ютарныя гульні. Напрыклад, «Вядзьмак» стаў ужо культавай гульнёй, выходзяць новыя часткі. Польскія фірмы рыхтуюць таксама праграмы ды прыкладанні, якімі карыстаюцца ў розных галінах эканомікі ў Еўропе ды на свеце. Міністр згадвае таксама пра прыкладанне ProteGo Safe, створанае дзеля таго, каб сачыць за кантактамі, ці чалавек не сутыкнуўся з кімсьці, заражаным каранавірусам. Інфармацыя цалкам ананімная, а прыкладанне бясплатнае, бяспечнае і добраахвотнае.

ProteGo Safe праз Bluetoofh навязвае сувязь з тэлефонамі іншых карыстальнікаў. Калі хтосьці з іх захварэе, прыкладанне высылае адпаведную інфармацыю. Міністр Загурскі адзначае, што пандэмія яшчэ не закончылася, а прыкладанне польскіх праграмістаў дазволіць яго карыстальнікам адчуваць сябе больш бяспечна. Вельмі важна, каб прыкладанне спампавала як мага больш людзей.

Прыкладанне рэгіструе толькі кантакты з тэлефонамі, з якімі чалавек меў кантакт на працягу апошніх 14 дзён. Да гэтых звестак не мае доступу ніхто іншы. Адмысловыя алгарытмы ацэньваюць на падставе звестак, сабраных тэлефонам, на колькі патэнцыйна небяспечны для нас быў кантакт з іншым чалавекам. Ніхто не збірае персанальных дадзеных.

Польская лічбавая эканоміка развіваецца, ёсць галіны, дзе гэтае развіццё вельмі перадавое, скажам, банкаўскі сектар. Эксперты ацэньваюць, што ў банкаўскай галіне лічбавыя інструменты адны з самых сучасных на свеце. Міністр адзначае таксама, што ў Польшчы адбудзецца Форум упраўлення інтэрнэтам IGF (ААН) у 2021 годзе. Мерапрыемства павінна было прайсці сёлета, але па прычыне пандэміі было перанесена. У свеце лічбавай эканомікі гэта падзея, якую параўноўваюць з кліматычным самітам. У ёй удзельнічае некалькі тысяч чалавек з усяго свету. На форуме вызначаюцца напрамкі развіцця глабальнага сеціва, як будзе выглядаць інтэрнэт у будучыні – гаворыць міністр аблічбоўкі Польшчы Марэк Загурскі.

нг