Транспартныя кампаніі Заходняй Еўропы выкарыстоўваюць пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, выкліканае пандэміяй COVID-19, каб спіхнуць з рынку канкурэнцыю – польскіх кіроўцаў. Гаворка ідзе пра першынства мясцовых транспартнікаў пры выдачы дазволаў на перавозкі ды ўзмоцнены кантроль польскіх кампаніяў – піша Dziennik Gazeta Prawna. Прафсаюз працадаўцаў «Транспарт і лагістыка» адправіў лісты кандыдатам на пасаду прэзідэнта з просьбаю аб падтрымцы. Чарговым крокам будзе скарга ў Еўрапейскую камісію. Раней аднак прафсаюз намераны прасіць дапамогі ў польскага ўраду.
Па словах Мацея Вроньскага, старшыні прафсаюзу транспартнікаў, справа можа закончыцца ўнясеннем позвы ў суд за абмежаванне свабоды канкурэнцыі. Цяпер атрымаць заказ ад кампаніі з дзяржавы гэтак званага старога ЕС, практычна немагчыма. У першую чаргу заказы атрымліваюць мясцовыя перавозчыкі.
Амаль дзве трэція ўсіх перавозак польскіх транспартных кампаній адбываецца ў рамках міжнароднага дарожнага транспарту. Дыскрымінацыя фірмаў з іншай дзяржавы ў ЕС забаронена, але некаторыя краіны тлумачаць увядзенне дадатковых мераў аховы свайго рынку сітуацыяй, звязанай з пандэміяй. Каранавірус ускладніў барацьбу з бар’ерамі на адзіным рынку Еўрапейскага саюзу. Брусель гатовы глядзець праз пальцы на многія рашэнні членскіх краін, якія раней былі абсалютна недапушчальнымі.
нг