Беларуская Служба

Будаўніцтва вялікага авіяпортапорта можа дапамагчы Польшчы хутчэй выйсці з крызісу

11.07.2020 08:01
Гіганцкі Цэнтральны камунікацыйны порт будзе пабудаваны за некалькі мільярдаў еўра на 3 тыс. га у 37 км ад Варшавы.
Jedna z wizualizacji CPK
Jedna z wizualizacji CPKTwitter/STH_Poland

Як шмат разоў паведамлялася ў нашым эфіры, актуальны польскі ўрад плануе пабудаваць пад Варшавай вялізны аэрапорт – Цэнтральны камунікацыйны порт (ЦКП).

Газета Rzeczpospolita інфармуе, што будаўніцтва порту можа дапамагчы Польшчы хутчэй выйсці з крызісу, які ўзнік у сувязі з пандэміяй каранавіруса. Такое меркаванне высунула міжнароднае кансалтынгавае агенцтва Kearney. Паводле аналітыкаў кампаніі, будаўніцтва порту акажа пазітыўны ўплыў на рынак працы і ВУП краіны. З іншага боку, зазначаюць спецыялісты агенцтва, порт удасца пабудаваць танней, таму што падчас крызісу падаюць цэны, у тым ліку на будаўнічыя матэрыялы.

Нагадаем, гіганцкі Цэнтральны камунікацыйны порт будзе пабудаваны за некалькі мільярдаў еўра на 3 тыс. га каля вёскі Баранаў у 37 км ад Варшавы ў бок горада Лодзь. Ён стане асноўнай базай польскай авіякампаніі LOT, якая плануе развіваць сетку авіяспалучэнняў, у тым ліку дальнемагістральных. Плануецца, што штогод порт зможа абслужыць 45 млн пасажыраў. Для параўнання: у 2019 годзе ўсе польскія авіяпорты абслужылі 49 млн пасажыраў. Порт будзе спалучаны сеткай чыгуначных і аўтамабільных дарог такім чынам, каб з кожнага буйнейшага польскага горада даезд у ЦКП заняў не больш за 2,5 гадзіны.

Варшаўскі аэрапорт імя Шапэна, які знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад цэнтра сталіцы, плануецца пакінуць выключна для бізнес-авіяцыі. Яго прапускныя магчымасці актуальна набліжаюцца да максімуму, паведамляе газета Rzeczpospolita.

вс