Польская мара можа споўніцца – прыводзіць меркаванне нямецкага выдання Die Welt партал Niezalezna.pl. Гаворка ідзе пра спыненне будаўніцтва газаправоду Паўночны паток 2. Гэта праект, які носіць не эканамічны, а перш за ўсё палітычна-мілітарны характар, - заявіў нямецкаму выданню віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Павал Яблоньскі.
У Германіі пачалі актыўна абмяркоўваць мачымасць стрымання інвестыцыі пасля спробы атручвання Аляксея Навальнага – галоўнага апанента Уладзіміра Пуціна. У сваю чаргу сярод еўрапейскіх народаў ніхто так голасна і паслядоўна не пратэстуе супраць трубы, як палякі. Польскія палітыкі выказваюць боязі, што Паўночны паток 2 можа выклікаць залежнасць Еўропы ад расійскага газу, а паколькі газаправод будзе ісці ў абыход Польшчы, Пуцін зможа выкарыстаць яго ў якасці інструмента палітычнага ціску.
Газаправод пагражае энергетынай бяспецы не толькі Украіны ці Польшчы, але ўсяму Еўрапейскаму Саюзу, - адзначае намеснік міністра замежных спраў Польшчы. Ён мяркуе, што да Расіі нельга ставіцца як да надзейнага партнёра. Цяпер, пасля спробы атручвання Навальнага, і нямецкія палітыкі рашуча патрабуюць спыніць нямецка-расійскі праект. Нават канцлер Ангела Мэркель, якая дагэтуль была прыхільніцай будаўніцтва, не выключае ўвядзення санкцый супраць трубаправоду.
Калі б так сталася, радасць у Варшаве была б вялікай. Акрамя замацавання энергетычнай бяспекі ў Еўропе і змяншэння верагоднасці шантажу з боку Расіі, існуе дзеля гэтага яшчэ адна прычына: польска-дацкі праект Балтыйскага газаправоду, які павінен пастаўляць у Польшчу паліва з Нарвегіі.