Польская навука мабілізавалася на барацьбу з каранавірусам, але вынікі працы польскіх навукоўцаў трапілі не ў дзяржаўныя бальніцы і лабараторыі, а „на паліцы”, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Газета нагадвае, што вясной, калі Еўропа з жахам назірала за тым, як каранавірус разбурае службу аховы здароўя ў Італіі, польскія навукоўцы рашуча ўзяліся за працу.
Самай вялікай праблемай тады быў недахоп тэстаў на COVID-19. Лекары таксама асцерагаліся недахопу апаратаў ШВЛ.
Першую праблему пастанавілі вырашыць навукоўцы з Інстытута біяарганічнай хіміі ў Познані, другую - з Інстытута біякібернетыкі і біямедыцынскай інжынерыі ў Варшаве.
Абодва праекты атрымалі дафінансаванне з Міністэрствам навукі і вышэйшай адукацыі і неўзабаве быў створаны і тэст, і спецыяльная прылада, якая дазваляе падключыць двух пацыентаў да аднаго апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Тым часам аказваецца, што дзяржаўныя ўстановы не заказваюць тэстаў, хоць яны даступныя для продажу. У сваю чаргу далейшая праца над апаратамі ШВЛ, неабходная для выкарыстання іх у шпіталях, была перапынена з-за пандэміі і змены ў кіраўніцтве Міністэрства аховы здароўя.
Dziennik Gazeta Prawna канстатуе, што выкарыстанне айчыннай тэхнічнай думкі ў Польшчы заўсёды было праблемай, а пандэмія каранавіруса толькі гэта падкрэсліла.
аз