Падчас Касцюшкаўскага Форуму ў Гданьску Святлана Ціханоўская ў дыскусіі аб ролі Беларусі ў еўрапейскай архітэктуры, аб патрэбе падтрымліваць Беларусь, чарговы раз падкрэсліла, што дзяржава не мусіць патрапіць да Расіі, а таксама згадала людзей, якія плацяць найвышэйшую цану за права быць свабоднымі.
— Як Марыя Зайцава, маладая жанчына, з якой развіталіся ў Кіеве. Яна супрацьстаяла рэжыму ў Мінску ў 2020-ым, пазней пераехала ва Украіну і загінула там, абараняючы свабоду — яе, нашу і вашу. Мы аддаём даніну павагі людзям Украіны, якія працягваюць змагацца, нягледзячы на цяжар гэтага, абараняючы Еўропу ад тэрарызму. Беларусы стаяць з Украінай гэтак жа, як вы з намі. Мы таксама аддаём даніну павагі ўсім палітыкам, якія не баяцца выступаць супраць тэрарызму. Літоўцы не толькі прынялі тысячы беларусаў, але і ініцыявалі справу супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе. І мы заклікаем іншыя краіны падтрымаць гэты крок. Мы не павінны паддавацца дыктатурам, мусім быць на баку нашых каштоўнасцяў. Адно павінна быць ясна: Беларусь належыць Еўропе, а не Расіі. Як у часы «Салідарнасці» 40 гадоў таму сёння мы маем патрэбу ў падтрымцы вольнага свету. Але дапамога беларусам не проста дабрачыннасць, гэта інвестыцыя ў будучыню. Свабодная Беларусь азначае не толькі адсутнасць бар’ераў паміж нашымі краінамі. Гэта значыць, што будзе больш бяспекі, больш дэмакратыі і мацнейшае супрацоўніцтва ў рэгіёне. І я сапраўды веру, што Беларусь аднойчы будзе мець гісторыю поспеху.
Украіна не прызнае вынікі нядаўніх «выбараў» прэзідэнта ў Беларусі, заявіў намеснік міністра замежных спраў Украіны Аляксандр Мішчанка,
але Украіна падтрымлівае беларусаў, якія «працягваюць змагацца за дэмакратычныя змены ў сваёй краіне, сваю нацыянальную годнасць і ідэнтычнасць», а таксама тых, хто ваюе на баку Украіны:
— Украіна далучаецца да групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЭ, а ў Вярхоўнай Радзе Украіны ёсць міжфракцыйная група за дэмакратычную Беларусь. Таксама хачу падзякаваць Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню за іх унёсак у збор доказаў датычнасці Лукашэнкі да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. Лёс беларускага народа залежыць ад перамогі Украіны над агрэсіяй, і мы можам дасягнуць яе разам. Расія разумее толькі мову сілы, таму мы павінны дэманстраваць агульную моц. Рэалізацыя канцэпцыі міру праз сілу — адзіны эфектыўны інструмент, каб спыніць агрэсара.
Аляксандр Мішчанка таксама заявіў, што членства ў Еўрасаюзе і НАТА — агульныя мэты для Украіны і Беларусі
Ежы Памяноўскі, выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі (EED), згадаў пра экстранную падтрымку з бок ЕС медыя і грамадскага сектару ў сувязі з прыпыненнем дзяржаўных праграма з боку ЗША. Ён заўважыў, што казаць пра стомленасць ад беларускага пытання, нават калі гэта сапраўды мае месца быць, непрыстойна.
— Стомленасць, калі казаць пра так званую стомленасць ад Беларусі, гэта абраза і для палітвязняў, і для людзей, якія змагаюцца за дэмакратыю. Мы не можам сказаць, што дыктатары падаюць за адну ноч. Таму я цвёрда перакананы, што мы не можам дазволіць сабе ніякай стомленасці. Падтрымка СМІ, падтрымка людзей у Беларусі, падтрымка тых, хто вядзе нацыю да еўрапейскай і дэмакратычнай будучыні, з'яўляецца абсалютна неабходнай і з'яўляецца доўгатэрміновым абавязацельствам.
Міністр МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі на пытанне, ці ведае Еўропа, што рабіць з Беларуссю, сказаў, што мае ўласны погляд на сітуацыю.
— Я не ведаю, якая ідэя ў Еўропы, але я магу вам сказаць, якая мая ідэя. Я мяркую, што жыхары Беларусі жадаюць для сябе таго ж, што і мы, а менавіта каб іх пакінулі ў спакоі, каб яны мелі пэўны кантроль над сваім жыццём і маглі ўкладацца ва ўласную краіну. І каб гэта адбылося, яны павінны зрабіць тое, што «Салідарнасць» і папярэднія барацьбіты за свабоду ў Польшчы зрабілі ў 19-м стагоддзі, гэта значыць падрыхтавацца і чакаць зручнага моманту.
Я лічу, што Пуцін зрабіў катастрафічную злачынную памылку, уварваўшыся ва Украіну. Ён не выйграе.
Яго прапаганда магла б так сказаць, але гэта не так. Калі параўнаць яго ваенныя мэты, якія першапачаткова былі заяўленыя, з тым, што на самой справе адбылося праз тры гады, ён не дасягнуў сваіх мэтаў. Яго чакае правал. І пасля кожнай няўдачы ў Расіі адбываюцца перамены. Гэта будзе момант, калі постсавецкую прастору можна будзе ўладкаваць па-новаму. І ў гэты момант Беларусі трэба быць гатовай.
Падчас дыскусіі спікеры разважалі таксама, што еўрапейская краіна — гэта пра геаграфію і каштоўнасці.
Кястуціс Будрыс, міністр МЗС: Літва ніколі не мела сумневаў, што Беларусь — гэта Еўропа
Кястуціс Будрыс, міністр замежных спраў Літвы, заявіў, што Літва ніколі не мела сумневаў, што Беларусь — гэта Еўропа.
— І каб дасягнуць гэтага, мы павінны пазбавіцца ад дзвюх акупацый. Першая – акупацыя дыктатуры, другая — расійская акупацыя, якая з кожнай фазай становіцца ўсё глыбей і глыбей. Спачатку была палітычная, потым — эканамічная, цяпер ёсць вайсковая, ёсць у сферы спецслужбаў, ад іх трэба пазбавіцца.
Вы не можаце быць паміж, не можаце балансаваць і быць крыху еўрапейцам і быць крыху прыхільнікамі дыктатуры.
Мы бачым, як гэта выглядае ў Грузіі цяпер. Раней мы бачылі тое ж самае ў Малдове. І таму мы павінны пераканаць некаторых нашых партнёраў у Еўропе, што Лукашэнка не з'яўляецца гарантам суверэнітэту Беларусі. Гэта міф. І гэта няправільна з самага пачатку.
Міністр замежных спраў Швецыі Джэсіка Разенкранц (Jessica Rosenkranz) заявіла, што трэба выразна агучваць пасланне, што калі Беларусь будзе адпавядаць прынятым стандартам, яе будуць бачыць у Еўрасаюзе:
— Безумоўна, сёння Беларусь не адпавядае патрабаванням сяброўства ў ЕС. Але як толькі Беларусь пачне дэмакратычны пераход, ЕС гатовы падтрымаць краіну ў стабілізацыі яе эканомікі, у рэфармаванні яе інстытутаў, у тым ліку праз комплексны план эканамічнай падтрымкі да 3 мільярдаў еўра, прадстаўлены Камісіяй. І гэтая прапанова паказвае, што ёсць выразная альтэрнатыва сённяшняй Беларусі.
Паводле Джэсікі Разенкранц, беларускае грамадства сапраўды жадаюць бачыць у еўрапейскай сям’і.
Касцюшкаўскі форум у Гданьску праходзіў у рамках старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе ў першым паўгоддзі.
вх