У сувязі з новаўведзенымі ў Польшчы эпідэмічнымі абмежаваннямі шматлікія галіны эканомікі вымушаныя чарговы раз спыніць сваю працу. Сярод іх знаходзіцца турызм, у тым ліку гасцінічная галіна. Прадпрымальнікам, якія за 2020 год ужо страцілі шмат сродкаў, пагражае банкруцтва, бо на цяперашні момант іх бізнес не прадугледжаны ў адмысловай праграме дзяржаўнай дапамогі. Як кажуць уладальнікі гатэляў, да гэтага моманту яны былі ў стане прынамсі заплаціць рахункі за камунальныя паслугі і выплаціць зарплату працаўнікам. Колькасць наведвальнікаў зменшылася, але нейкі рух быў.
Гасцініцы мусілі таксама падрыхтаваць новы санітарны рэжым і яго выконваць, таму рашэнне ўраду незразумелае, чытаем у выданні Dziennik Gazeta Prawna. Дагэтуль існавалі абмежаванні, якія дазвалялі гатэлям не спыняць працы: у іх маглі начаваць камандзіровачныя. Зараз зусім не зразумела, ці заселеныя ў гатэлях замежнікі, што працуюць у польскіх кампаніях, змогуць там жыць і пасля 28-га снежня, калі ўступяць у сілу абмежаванні. І таму шмат кампаній, у тым ліку і гасцініц, паведамілі пра планы падаць у суд на дзяржаву. Яны патрабуюць кампенсацый за панесеныя страты.
Паводле адмыслоўцаў, калі гасцінічная галіна мае выжыць да вясны, то яна павінна атрымаць у якасці кампенсацыі прынамсі 2,2 мільярда злотых (0,6 мільярда долараў). Гэта дазволіць ім ператрываць цяжкі перыяд і вярнуцца на рынак праз некалькі месяцаў. Акрамя пагрозы банкруцтва, новай пагрозай для гасцініц з’яўляецца развіццё ценявая зона, якая можа выкарыстаць афіцыйную забарону на функцыянаванне гасцініц.
Dziennik Gazeta Prawna/аев