Вядома ўжо, што польская нацыянальная авіякампанія LOT атрымае дапамогу ад дзяржавы. Сумарная дапамога складзе каля 3 млд злотых (звыш 800 млн долараў ЗША). Калі б кампанія не атрымала падтрымкі, 31 снежня яна б страціла фінансавую ліквіднасць – паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Большая частка дапамогі – гэта сродкі Польскага фонду развіцця. Старшыня фонду Павел Борыс напісаў, што перад пандэміяй LOT быў дынамічнай і рэнтабельнай фірмай, яго фінансавыя праблемы вынікаюць наўпрост з эпідэміі COVID-19, таму дзяржаўная дапамога цалкам абгрунтаваная.
На гэты раз Еўрапейская камісія не будзе патрабаваць, каб авіякампанія ўвяла змены ў сетку рэйсаў у сувязі з публічнай фінансавай дапамогай, як было амаль сем гадоў таму, калі польскі ўрад таксама выдзеліў кампаніі грашовыя сродкі. У рамках так званых кампенсацыйных крокаў, LOT адмяніў тады рэнтабельныя авіяспалучэнні з Варшавы ў Хельсінкі, Дусэльдорф і Рым.
На думку экспертаў, дапамога дазволіць кампаніі перажыць цяжкія часы. Але перад ёй і так шмат праблем. Перад пандэміяй кіраўніцтва кампаніі прадбачвала хуткае развіццё, таму былі прынятыя рашэнні пра набыццё новых машын. Аднак цяпер, нават калі пандэмія закончыцца, папулярнасць палётаў яшчэ доўга будзе меншай, чым да крызісу. У выніку LOT застанецца з непатрэбнымі самалётамі.
нг