Добрыя адносіны між урадам Польшчы і Венгрыі могуць сапсавацца з-за эканамічных прычын – чытаем у газеце Rzeczpospolita. Прычынай магчымага пахаладнення можа стаць канфлікт за лідарства ў абслугоўванні чыгуначных таварных транспартаў з Кітая, якія ўсё часцей прыбываюць у Еўропу. Абедзьве краіны вызначаюць усходнюю мяжу Еўразвязу, якога самым вялікім імпартным партнёрам стаў летась Кітай. Як Польшча, так і Венгрыя, ужо пачалі, або плануюць, пабудову вялікіх хабаў на мяжы , адпаведна, з Беларуссю ды Украінаю. Свае цэнтры арганізуюць і Літва, Славаччына ды Расія ў Калініградзе. У нейкім сэнсе ідзе сапраўдная барацьба за даходы з транспарту па новым шаўковым шляху. І карысць з перамогі можа быць сапраўды вялікай – паводле ацэнак экспертаў, гаворка ідзе пра 48 мільярдаў долараў.
Польшча плануе інвеставаць 700 мільёнаў еўра ў лагістычны парк у Мікашэвічах, што на мяжы з Беларуссю. Там плануецца стварыць самы буйны таварны хаб ва ўсёй Еўропе, з патрэбнай да далейшай дыстрыбуцыі інфраструктурай. Гэта, у сваю чаргу, дамаможа стварыць новыя месца працы і спрычыніцца да развіцця як лагістычнай галіны, так і ўсёй эканомікі краіны. Праблемай з’яўляецца толькі адміністрацыя. Паводле Сусветнага банку, польскія памежнікі вельмі неэфектыўна працуюць пры афармленні дакументаў і працэдураў. Польская інфраструктура на сённяшні дзень знаходзіцца на апошніх месцах еўрапейскіх памежных сістэмаў. Аднак час на паляпшэнне паказчыкаў ёсць, бо, прынамсі пакуль, Кітай стараецца арганізаваць экспарт усімі магчымымі шляхамі і тэндэнцый да пераходу на аднаго пасярэдніка, будзе гэта Венгрыя ці Польшча, няма. – чытаем у газеце Rzeczpospolita.
аев