Шэсць з дзесяці палякаў чакаюць, што пасля заканчэння пандэміі яны змогуць працаваць у дыстанцыйным або гібрыдным рэжыме, то бок часткова дома. Ажно 93 % спецыялістаў сферы IT робіць стаўку на гнуткую сістэму працы, паведамляе Rzeczpospolita.
Да ўспышкі пандэміі амаль восем з дзесяці польскіх супрацоўнікаў рэгулярна выконвалі свае прафесійныя абавязкі ў сядзібе кампаніі, а толькі кожны дзясяты меў магчымасць працаваць дома. У часы пандэміі, працэнт супрацоўнікаў, якія працуюць дыстанцыйна павялічыўся ў тры разы, то бок да амаль 30 працэнтаў.
Яшчэ больш (63 працэнты) супрацоўнікаў хацелі б захаваць магчымасць дыстанцыйнай працы – найлепш адзін-два дні на тыдзень. Толькі 13 працэнтаў апытаных хацелі б працаваць выключна ў офісе, паказваюць вынікі даследвання, праведзенага па даручэнні кампаніі Euro-net. З гэтага вынікае, што 76 працэнтаў палякаў чакае магчымасці працаваць па-за офісам.
У сваю чаргу вынікі даследавання кансалтынгавай кампаніі DataArt, паказваюць, што толькі 7 працэнтаў польскіх ІТ-спецыялістаў гатовыя працаваць у стацыянарным рэжыме, а 93 працэнты робіць стаўку на дыстанцыйную працу. Апрача таго 64 працэнты з іх гатовыя памяняць працу, калі ў іх будуць патрабаваць выключна працы ў офісе.
Старшыня кампаніі DataArt Рышард Пэрмус, пераконвае, што «прымусовы пераход на дыстанцыйную працу ў значнай ступені пазітыўна або нейтральна паўплываў на задаволенасць працай у айцішнікаў».
Сярод перавагаў дыстанцыйнага рэжыму працы яго прыхільнікі называюць эканомію часу пры адсутнасці паездак на працу і гнуткасць.
З вясны 2020 года польскія супрацоўнікі відавочна прывыклі да хатняй офіснай працы і часцей заўважаюць ейныя перавагі. Колькасць незадаволеных такім рэжымам з вясны 2020 года ўпала з 6 да 2 працэнтаў. Таксама больш асобаў заяўляе, што дыстанцыйны рэжым працы больш эфектыўны (рост з 23 да 26 працэнтаў).
Аднак ёсць таксама недахопы дыстанцыйнай працы. Сярод іх супрацоўнікі (40 працэнтаў рэспандэнтаў) найчасцей называюць сціранне межаў паміж асабістым і прафесійным жыццём і скарачэнне магчымасцяў нефармальных зносін з калегамі, паведамляе Rzeczpospolita.
аз