Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дырэктарам Службы знешняй выведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным заявіў аб намеры абмеркаваць шэраг пытанняў і сумесныя дзеянні на перспектыву, паведамляе БЕЛТА.
«Прыемна сустрэцца з вамі, чакаю такой сустрэчы, калі даецца магчымасць для таго, каб, шчыра кажучы, і гадзіннік зверыць, і параіцца па некаторых пытаннях, і паглядзець недалёкую перспектыву, як мы будзем дзейнічаць, што рабіць, абмеркаваць шэраг палітычных пытанняў, асабліва ў гэтай турбулентнай сітуацыі. Для мяне вельмі важная», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы Сяргея Нарышкіна ў Мінску.
Сустрэча праходзіла ў закрытым фармаце з удзелам кіраўніка КДБ Беларусі Івана Церцеля.
Пасля Нарышкін заявіў журналістам, што «Польшча і прыбалтыйскія рэспублікі адрозніваюцца адметнай агрэсіўнасцю, асабліва на словах, бразгаюць зброяй».
— Яны павінны б зразумець (хоць пакуль не разумеюць), што ў выпадку агрэсіі з боку Паўночнаатлантычнага альянсу супраць Саюзнай дзяржавы ўрон будзе нанесены, безумоўна, усяму блоку НАТА, але ў большай ступені першыя, хто пацерпіць, — гэта носьбіты такіх ідэй, носьбіты сярод палітычных колаў Польшчы і прыбалтыйскіх краін, — заявіў у Мінску кіраўнік Службы знешняй выведкі Расіі Сяргей Нарышкін.
Хто такі Сяргей Нарышкін?
Сяргей Нарышкін з'яўляецца дырэктарам вонкавай выведкі Расіі, адказным за развязванне вайны Расіі супраць Украіны, якую падтрымлівае Аляксандр Лукашэнка, адзначае
svaboda.org.
Большую частку сваёй кар’еры Сяргей Нарышкін правёў побач з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Нарышкін заставаўся ценем Пуціна ў Санкт-Пецярбургу ў 1990-х гадах, затым быў у канцылярыі прэзідэнта ў 2004 годзе і спікерам парламенту Расіі. Узначальвае Расійскае гістарычнае таварыства.
Нарышкін за сваю ролю ў вайне трапіў пад санкцыі Еўрасаюза, ЗША, іншых заходніх краін, а таксама Японіі, Новай Зеляндыі.
вх