Цырымонія адбылася ў горадзе Галенеў (Goleniów) у Заходне-Паморскім ваяводстве з удзелам прэзідэнта Польшчы і прэм’ер-міністраў Польшчы, Даніі ды Нарвегіі.
Пастаўкі блакітнага паліва ў Польшчу з нарвежскага шэльфа пачнуцца 1 кастрычніка.
Baltic Pipe – гэта польска-дацкі праект. Ён складаецца з чатырох газакампрэсарных станцый, сістэм перадачы ў Польшчы і Даніі, а таксама двух падводных газаправодаў, размешчаных па дне Паўночнага і Балтыйскага мораў. Агульная працягласць газаправодаў – 900 кіламетраў, у тым ліку 275 кіламетраў марской часткі ў Балтыйскім моры. Праект прадугледжвае перадачу сыравіны ў абодва бакі.
«Гэта найбуйнейшы і адзін з самых складаных праектаў, якія мы рэалізуем у пасля камуністычнай Польшчы», – сказаў прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі. Кіраўнік урада таксама пракаментаваў прапускную здольнасць нафтаправода і яго запаўненне сыравінай у бліжэйшы час. Пакуль Baltic Pipe не будзе перапампоўваць газ з максімальнай загрузкай:
- Мы не імкнемся запаўняць трубу максімальна, таму што ў нас падпісаныя кантракты са Злучанымі Штатамі, з Катарам, у нас ёсць свае радовішчы газу, у нас працуе марскі тэрмінал звадкаванага газу з гадавой ёмістасцю ў 7 млрд кубаметраў газу, мы будуем газавыя вышкі, таксама завяршылі будаўніцтва інтарканектараў, якія спалучаюць нас з Літвой, Нямеччынай, Чэхіяй, Славакіяй. Карацей, Польшча забяспечаная газам.
У першыя месяцы Baltic Pipe будзе працаваць з абмежаванай магутнасцю. На поўную магутнасць трубаправод выйдзе 1 студзеня 2023 года, хоць у мінулыя выхадныя дацкі аператар Energinet паведаміў аб паскарэнні работ. Хутчэй за ўсё, апошнія элементы інфраструктуры будуць гатовы ў канцы лістапада гэтага года.
яс/IAR