Паважаны варшаўскі архітэктар і стваральнік самага незвычайнага будынка ў Польшчы за апошнія гады Багуслаў Барнась ( Bogusław Barnaś,) атрымаў за свой праект узнагароду ў Германіі на конкурсе German Iconic Awards 2024.
Журы сёлетняй прэміі Iconic Awards вырашыла ўзнагародзіць праект архітэктараў з варшаўскай студыі BXB Studio, заснаванай Багуславам Барнашам. Размова пра Scorpio House — інавацыйную канцэпцыю жылля, якая перамагла ў намінацыі «Інавацыйная архітэктура».
Scorpio House цалкам супярэчыць распаўсюджаным уяўленням аб тым, што такое і як выглядае бункер. BXB Studio прапануе ўтульную і элегантную, раскошную падземную рэзідэнцыю, у якой можна размясціць гараж, СПА, вінны склеп і нават кіназал.
У залежнасці ад патрэб і бюджэту кліента, памер бункера можа вар'іравацца ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў квадратных метраў. Асноўная функцыя сховішча застаецца нязменнай: яно валодае АВС-стойкасцю, гэта значыць атамнай, біялагічнай і хімічнай устойлівасцю. Гэта забяспечвае бяспеку ў выпадку ўзнікнення крызісных сітуацый, такіх як пандэмія, рознага роду стыхійныя бедствы або ўзброеныя канфлікты.
Канцэпцыя Scorpio House нарадзілася з неабходнасці змяніць тое, як людзі ўспрымаюць бункеры. Архітэктары хацелі надаць ім больш «дружалюбнае», чалавечае вымярэнне, а таксама зрабіць гэтыя аб'екты шырокадаступнымі.
Аўтары праекта Scorpio House таксама выказваюць надзею, што ў далейшым іх канцэпцыя будзе спрыяць развіццю масавай дзейнасці інвестараў па будаўніцтву прыватных сховішчаў. Дзякуючы гэтаму – кажуць аўтары праекту – жыхары Польшчы будуць куды больш у бяспецы ў выпадку крызісу. «Гэтая ўзнагарода таксама з'яўляецца доказам прызнання тэмы сховішчаў, распачатай студыяй BXB, пра якую маўчыць архітэктурная супольнасць у Польшчы, а таксама ва ўсім свеце», — падкрэсліваюць архітэктары, якія таксама анансуюць наступную версію.
«Гэта будзе Scorpio Garden House, то бок прытулак з выхадам у сад», — паведамляюць яны.
Iconic Awards — гэта конкурс, які штогод узнагароджвае дызайнераў з усяго свету, якія ствараюць інавацыйную і дальнабачную архітэктуру. Арганізатарам конкурсу з'яўляецца Нямецкая рада дызайну (ням. Rat für Formgebung) - арганізацыя, створаная ў 1953 годзе парламентам Германіі.
Паводле Rzeczpospolita/вх