У візавай праграме Poland Business Harbor былі парушэнні. Невядома, дзе знаходзяцца людзі, якія трапілі ў краіну дзякуючы ёй — паведамляе Rzeczpospolita. Выданне падкрэслівае, што візавая праграма для ІТ-спецыялістаў з Беларусі і членаў іх сем’яў тагачаснага прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага абыходзіла законныя працэдуры, не было кансультацый з МЗС і спецслужбамі. Такія высновы парламенцкай камісіі па расследаванні візавага скандалу. 26 лістапада яна прадставіць справаздачу са сваімі высновамі аб невыкананні службовых абавязкаў тагачаснымі членамі ўрада.
Гэтая надзвычай важная з пункту гледжання дзяржаўнай бяспекі праграма была ўведзеная незаконна. Не было нават адпаведнай пастановы Рады міністраў, і МЗС быў пастаўлены перад фактам, аказваючы ціск на консулаў, каб нават не правяраць, ці людзі, якія падаюцца на візу, маюць адпаведную кваліфікацыю. Іх масава выдавалі ўсім ахвотным, і адзіным супрацьпаказаннем было ўнясенне ў Шэнгенскую сістэму SIS II.
Уведзеная ў верасні 2020 года праграма гарантавала просты пераезд у Польшчу дзякуючы хуткаму візаваму шляху «для спецыялістаў ІТ-сферы і іх сем’яў, а таксама ўладальнікаў і супрацоўнікаў малых, сярэдніх і буйных кампаній». Канцылярыя прэм’ер-міністра прадстаўляла яе такім чынам: «Мы прапануем фінансаванне стартапам, а больш буйным кампаніям мы будзем прадстаўляць паслугі, якія дазволяць ім паступова перабрацца ў Польшчу». Праграма была прызначаная для грамадзян Беларусі, а праз год яе пашырылі на Украіну, Грузію, Малдову, Арменію і Расію.
Rzeczpospolita піша, што спецыяльныя візы атрымлівалі грамадзяне некалькіх дзясяткаў краін, якія не ўваходзяць у гэты спіс, у тым ліку Індыі, Ірана, Карэі, Японіі і Азербайджана. «Мы не ведаем чаму, але гэта была шалёная праграма, мэтай якой была віза, а не сама праграма. Хаця віза PBH фармальна была нацыянальнай візай, якая дазваляла працаваць толькі ў Польшчы, яна давала ўладальніку права перамяшчацца па ўсёй Шэнгенскай зоне. Больш за тое, мы сутыкнуліся з выпадкамі, калі грамадзяне Індыі ехалі ў ЗША праз Мексіку па візе PBH», — сказаў выданню член камісіі дэпутат Марэк Сова (Marek Sowa).
Дзяржаўнае агенцтва інвестыцый і гандлю правяло аўдыт праграмы з накіраваннем у пракуратуру заявы аб магчымасці здзяйснення злачынства. Падрабязнасці не паведамляюцца.
нг