Беларуская Служба

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой: дапамога і развіццё

20.11.2024 15:44
У некаторых гарадах Еўропы праводзяцца спатканні спецыялістаў арганізацыі з прадстаўнікамі беларускага бізнесу.
Аўдыё
  • Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой: дапамога і развіццё
Дзіяна МалінчыкФота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA - The Association of Belarusian Business Abroad) актывізуе сваю дзейнасць. У некаторых гарадах Еўропы праводзяцца спатканні спецыялістаў арганізацыі з прадстаўнікамі беларускага бізнесу. Падобная сустрэча адбылася ў Познані. З эксперткай асацыяцыі Дзіянай Малінчык пагутарыў наш карэспандэнт Павел Залескі:

— Дзіяна, напачатку скажыце некалькі слоў пра вашую асацыяцыю, нагадайце яе мэты і задачы.

— ABBA – гэта арганізацыя беларускага бізнесу за мяжой. Яна ставіць сваёй мэтай дапамагаць развівацца беларускаму бізнесу за мяжой, у прыватнасці ў Польшчы і іншых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе.

— У чым канкрэтна заключаецца такая дапамога?

— Па-першае, гэта экспертыза. ABBA заўсёды параіць дасведчанага кансультанта, які можа падзяліцца патрэбнай інфармацыяй з бізнесоўцамі. Я, да прыкладу, таксама з’яўляюся экспертам у асацыяцыі, дапамагаю кансультацыямі, звязанымі з рэгістрацыяй бізнесу ў Польшчы, тым, якімі інструментамі фінансавання можна скарыстацца ў ЕС і канкрэтна ў Польшчы. Акрамя экспертызы, гэта яшчэ і лобі для беларускіх прадпрымальнікаў, якія ў Еўропе могуць асацыявацца з прадстаўнікамі краін-агрэсараў. ABBA заўсёды падкрэслівае, што беларускія бізнесоўцы – гэта не пра Расію, а пра Еўропу. Беларусы – народ еўрапейскі, працавіты, адказны, а таму варта гэта зазначаць і нагадваць, каб усе ведалі, што беларусы – гэта пра Еўропу. І бізнес з беларускімі каранямі знаходзіцца ў Еўропе.

— Як сёння ў прынцыпе абазначыць беларускі бізнес у Еўропе? Я маю на ўвазе, наколькі ён актыўны, як часта рэгіструюцца прадпрымальнікі і прадпрыемствы з беларускімі заснавальнікамі?

— Беларусы рэгіструюць свой бізнес у Еўропе, у тым ліку і прадпрымальніцкую дзейнасць, і малыя прадпрыемствы, дзе беларусы альбо ў складзе заснавальнікаў, альбо наогул імі з’яўляюцца. Такіх бізнесаў у Польшчы нямала, найбольш у Варшаве. Па выніках 2023 года ў Польшчы было зарэгістравана больш за пяць тысяч прыватных прадпрымальнікаў з Беларусі. Гэта вельмі добра. Сярод іх айці-спецыялісты, гастранамічныя бізнесы, будаўнічыя і іншыя. Еўрапейскі бізнес – гэта найперш зарэгістраваны бізнес на тэрыторыі Еўрасаюза, гэта адказна, і ніхто нікога не падманвае. Гэта азначае весці свой бізнес легальна.

— З якімі праблемамі часцей за ўсё сутыкаецца беларускі бізнес у Еўропе?

— У Польшчы, я магу найбольш канкрэтна казаць, беларусы часта не ведаюць, якія дазволы ім патрэбна мець пры адкрыцці дзейнасці, якія павінны быць сертыфікаты на іх тавары ці паслугі. Па-другое, гэта пытанні, звязаныя з падаткамі і юрыдычныя пытанні. Як падабраць сабе спосаб падаткаабкладання, які найбольш будзе адпавядаць яго дзейнасці. Таму я ў першую чаргу імкнуся даводзіць пачынаючым прадпрымальнікам менавіта гэтую інфармацыю. Гэта, паводле маёй практыкі, найбольш частыя пытанні ад беларускіх прадпрымальнікаў.

— Ці часта беларускія прадпрымальнікі звяртаюцца за дапамогай у вашу асацыяцыю? Напэўна, многія пра яе існаванне папросту не ведаюць…

— Канешне, не ўсе беларусы ў Еўрасаюзе, якія адкрываюць тут сваю прадпрымальніцкую дзейнасць, звяртаюцца да нас. Тым не менш, гэта шмат людзей, і мы імкнёмся дапамагчы кожнаму, бо мы таксама ў гэтым зацікаўлены. Я б вельмі раіла бізнесменам звяртацца за кансультацыямі да нас, бо мы сапраўды маем магчымасць прадаставіць кваліфікаваную кансультацыю. Гэты працэс даволі складаны, а ў нас ёсць ужо база экспертаў, якія могуць дапамагчы і адказаць на многія пытанні. А таму запрашаю да нас за кансультацыямі.

— А як у Еўропе дзяржаўныя структуры ставяцца да беларускіх бізнесменаў? У прыватнасці, у Польшчы.

— Найперш хачу сказаць, што часта сустракаемся з праблемай, калі беларусу складана адкрыць рахунак у банку. Але, з іншага боку, тут існуе шмат карысных праграм для фінансавай падтрымкі бізнесу ад Цэнтра занятасці, беззваротныя гранты, нізкапрацэнтныя пазыкі, датацыі. Таму польскія ўлады імкнуцца прывабліваць беларускіх прадпрымальнікаў, якія зарэкамендавалі сябе законапаслухмянымі, працавітымі і тымі, хто стварае новыя месцы працы ў іх краіне. Розная падтрымка ад дзяржавы ёсць, і такіх праграм вельмі шмат для кожнай галіны прадпрымальніцтва.

— На ваш погляд, наколькі складаная для беларуса еўрапейская бюракратыя?

— Так, складаная і розніцца ад беларускай. Часам працэс можа доўга цягнуцца, але пасля гэтага вас можа чакаць прыемны момант, і вы распачнеце свой бізнес. Я думаю, што ў кожнай еўрапейскай краіне існуе такая бюракратыя, таму трэба набрацца цярпення, перш чым распачаць сваю справу.

— Якія бліжэйшыя планы ў вашай асацыяцыі?

— У наступным годзе асацыяцыя плануе зрабіць бізнес-форум у Каліфорніі. Сёлета ўжо адбылося тры падобныя канферэнцыі. І, канешне, мы плануем пашыраць колькасць удзельнікаў нашай асацыяцыі, пашыраць магчымасці нашай дзейнасці. Ужо зараз праводзім пошук новых экспертаў. Таму, калі ёсць людзі з адпаведным досведам, заклікаю звяртацца ў асацыяцыю. Я асабіста займаюся рэгістрацыяй і суправаджэннем бізнесаў у Польшчы, дапамагаю грамадзянам Беларусі і Украіны адчыняць прадпрымальніцкую дзейнасць, кансультую па пытаннях абрання формы ўласнасці, падаткаабкладання, атрыманні грантаў і субсідый ад польскай дзяржавы і краін Еўрасаюза.

Мой офіс у Познані знаходзіцца па адрасе:

  1. Sinkiewicza 22B/2
    60-818 Poznań
    tel. +48 570256466

— Дзякуй за размову.

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце аўдыё!