Беларуская Служба

Майстры «залатыя рукі» становяцца ўсё больш запатрабаванымі

22.11.2024 13:53
У сувязі з імклівым ростам колькасці новых жылых, офісных і камерцыйных будынкаў патрэба ў паслугах электрыкаў і сантэхнікаў пастаянна расце.
СантэхнікPixel-Shot/Shutterstock

У Польшчы попыт на сантэхнікаў і электрыкаў сёлета рэкордны, і яго дынаміка працягвае расці – сведчаць звесткі на платформе Oferteo, падрыхтаваныя для «Rzeczpospolita». Чакаць на спецыяліста прыходзіцца месяц або і больш.

Як піша штодзённік, кваліфікаваныя спецыялісты становяцца ўсё больш запатрабаванымі. Колькасць запытаў па іх паслугах на Oferteo дасягнула піку і ўсё яшчэ расце.

Па словах аўтара тэксту, «попыт на паслугі электрыкаў ужо выйшаў на ўзровень усяго 2023 года (было 12,7 тысячы), і як кажуць эксперты, планка ў 18 тысяч запытаў будзе перавышаная». У 2021–2023 гадах колькасць запытаў па паслугах сантэхнікаў і электрыкаў на платформе заставалася на даволі нізкім узроўні.

Марта Калета-Дамарадзка з Oferteo, якую цытуе «Rz», бачыць крыніцу павелічэння запатрабавання на паслугі кваліфікаваных спецыялістаў таксама ў росце экалагічнай свядомасці, што заахвочвае ўстанаўліваць больш эфектыўныя тэхналогіі.

У сувязі з імклівым ростам колькасці новых жылых, офісных і камерцыйных будынкаў патрэба ў паслугах майстроў «залатыя рукі»  расце.

Да чэрвеня гэтага года ў Польшчы ўведзена ў эксплуатацыю 562 інвестыцыі, «што апраўдвае вялікі маштаб патрэбаў». У сваю чаргу старыя будынкі патрабуюць рэканструкцыі, мадэрнізацыі і замены электра- і сантэхнічных установак, «што абумоўлівае павышаны попыт на гэтых спецыялістаў», бо «іх веды і вопыт немагчыма набыць, праглядаючы навучальнае відэа, даступнае ў інтэрнэце», дадае «Rzeczpospolita».

яс