Беларуская Служба

Азербайджан — транзітны пункт расійскага газу па дарозе ў ЕС? Еўракамісіся зняпраўджвае

27.11.2024 16:43
За апошнія два гады Азербайджан імпартаваў з Расіі менш за 1 млрд кубаметраў газу, у той час як экспартаваў 24 млрд кубаметраў, з якіх палова прыйшлася на рынак ЕС.
Ілюстрацыя Shutterstock/63ru78

У артыкуле выдання Politico  ад 20 лістапада пад назвай «Еўрапейскі газавы гамбіт у Азербайджане — добрая навіна для Расіі» гаворыцца, што «некаторыя даследчыкі падазраюць, што гэтая краіна проста мяняе этыкетку часткі імпартаванага расійскага газу і адпраўляе яго ў Еўропу, хоць Азербайджан настойвае на тым, што расійскія пастаўкі прызначаныя толькі для ўнутранага выкарыстання».  Выданне Politico  адзначыла, што для павелічэння экспарту ў Еўропу Баку імпартуе значна больш выкапнёвага паліва з Расіі. «У любым выпадку гэта выгадна Маскве», — падкрэслівае амерыканскае выданне, якое цытуе польскі партал energetyka24.com.

Азербайджан стаў важнай краінай для Еўрасаюза з пункту гледжання паставак газу, калі Расія напала на Украіну ў лютым 2022 года і Супольнасць вырашыла як мага хутчэй стаць незалежнай ад расійскай сыравіны. У адпаведнасці з пагадненнем ад ліпеня 2022 года, заключаным паміж Еўракамісіяй і прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, краіна ўзяла на сябе абавязацельства павялічыць магутнасць транспарціроўкі, каб да 2027 года ў ЕС штогод паступала не менш за 20 мільярдаў кубаметраў азербайджанскага газу.

Прэс-сакратара ЕК у панядзелак спыталі аб паведамленнях Politico аб паўднёвым газавым калідоры — галоўнай лініі з Азербайджана праз Грузію і Турцыю ў Балгарыю, па якой газ з Азербайджана ідзе ў ЕС. «Паўднёвы газавы калідор, які забяспечвае еўрапейскі рынак, звязаны толькі з азербайджанскімі радовішчамі газу, а не ў больш шырокім сэнсе з газавай сістэмай Азербайджана. Такім чынам, расійскі газ не цячэ ў ЕС па гэтым калідоры», — адказаў Цім Макфі.

Паводле яго слоў, за апошнія два гады Азербайджан імпартаваў з Расіі менш за 1 млрд кубаметраў газу, у той час як экспартаваў 24 млрд кубаметраў, з якіх палова прыйшлася на рынак ЕС.

эж