Ад 10 да 20 працэнтаў — Дональд Трамп аб'яўляе аб увядзенні такіх тарыфаў на ўвесь імпарт у ЗША. Гэта тычыцца і імпарту з ЕС. Сёння амерыканцы бяруць мытны збор у сярэднім у 3,5% на тавары, якія імпартуюцца з аб’яднанай Еўропы.
Рэалізацыя гэтых планаў азначала б, што экспарт у ЗША перастане быць выгадным для цэлых сектараў эканомікі ЕС. Да гэтага часу Амерыка была найважнейшым гандлёвым партнёрам Еўрасаюза. Летась ЕС адправіў за мяжу тавараў на агульную суму 576 мільярдаў долараў, атрымаўшы велізарны прафіцыт у памеры больш за 200 мільярдаў долараў. Доля Польшчы ў гэтым экспарце (амаль 12 млрд долараў) была невялікай.
Аднак планы Трампа адчуе і Варшава, калі яны ўдараць па важнейшых партнёрах у ЕС, пачынаючы з Германіі. Будучы прэзідэнт ЗША, напрыклад, імкнецца адмовіцца ад імпарту нямецкіх аўтамабіляў. Польшча застаецца вядучым субпадрадчыкам аўтамабільных канцэрнаў у Нямеччыне. Некаторыя з іх маюць у Польшчы прадпрыемствы па вытворчасці прадукцыі на экспарт.
Падчас першага пратэкцыянісцкага наступу Дональда Трампа ў 2018 годзе Еўропа была ў добрай эканамічнай форме. Цяпер ёсць высокая верагоднасць таго, што Трамп выкліча гандлёвую вайну ў глабальным маштабе. Напрыклад, ён мае намер увесці да 60-працэнтаў пошліны на ўвесь імпарт у ЗША з Кітая. І гэта ў дадатак да высокіх мытных пошлін, якія ўжо дзейнічаюць. Няцяжка здагадацца, што ў такім разе Пекін скіруе ў Еўропу велізарны паток субсідзіраваных тавараў, каб хаця б часткова кампенсаваць панесеныя страты. І ў Бруселя не застанецца іншага выбару, як закрыць свой рынак для кітайцаў. Пачнецца эфект снежнага камяка.
Германія і Францыя, сярод іншых краін ЕС, балансуюць на мяжы рэцэсіі. Планы Трампа, хутчэй за ўсё, падштурхнуць да гэтага Еўропу. Тым больш, што мытамі гэта не скончыцца. Абраны прэзідэнт рыхтуе радыкальнае зніжэнне карпаратыўных падаткаў, што стане яшчэ адным стымулам для пераезду еўрапейскіх вытворцаў у Амерыку. Гэтага асабліва баяцца такія краіны, як Ірландыя, якія спадзяюцца на амерыканскія інвестыцыі. Але Польшча таксама прыняла велізарную колькасць замежных інвестыцый.
Пакуль жа ЕС памнажае прымірэнчыя жэсты. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заклікае краіны ЕС закупляць больш амерыканскага звадкаванага газу. Нават Францыя гатовая імпартаваць больш зброі з ЗША. Але ў той жа час Еўрапейская камісія рыхтуе спіс тавараў, на якія ў першую чаргу ўвядзе штрафныя пошліны, калі Трамп выканае сваю пагрозу.
Паводле Rzeczpospolita/вх