Беларуская Служба

У рэйтынгу польская чыгунка заняла лепшае месца чым нямецкая

11.12.2024 08:03
Многія палякі скардзяцца на польскую дзяржаўную чыгунку, але, як аказваецца, нацыянальны аператар атрымаў нават нядрэннае месца ў еўрапейскім рэйтынгу. 
    PKP Intercity
Кандуктар пасажырскага цягніка кампаніі PKP Intercity крыніца: YouTube/PKP Intercity/screen

У Еўропе праведзенае даследаванне па ацэнцы пасажырскага чыгуначнага транспарту, паведамляе польскі эканамічны партал Forsal. Многія палякі скардзяцца на польскую дзяржаўную чыгунку, але, як аказваецца, нацыянальны аператар атрымаў нават нядрэннае месца ў еўрапейскім рэйтынгу. 

Найлепшы вынік - у італьянскага чыгуначнага аператара Trenitalia, які атрымаў найвышэйшы бал у рэйтынгу - 7,7 бала з 10-ці. Наступныя месцы занялі швейцарская чыгунка SBB, чэшская прыватная кампанія RegioJet, аўстрыйская чыгунка ÖBB і французская SNCF. 

На поспех Trenitalia паўплывала больш чым 10-гадовая канкурэнцыя ў галіне высакахуткасных цягнікоў з іншым прыватным чыгуначным аператарам Italo, што вымусіла абедзве кампаніі прадастаўляць лепшыя паслугі пасажырам. Высокія ацэнкі атрымалі швейцарцы, чые інвестыцыі ў чыгуначную інфраструктуру дапамаглі SBB прапанаваць найбольш пунктуальныя паслугі. 

Нацыянальны перавозчык Польшчы PKP апынуўся ў сярэдзіне рэйтынгу. Польская дзяржаўная чыгунка заняла 13-е месца з 27-і ў рэйтынгу з агульным балам 6,1. Самымі моцнымі бакамі польскай кампаніі аказаліся камфорт (8,1 бала), начныя паездкі (8 балаў) і кошт білетаў (7,1 бала). А мінусы – гэта пунктуальнасць (4,5 бала) і сістэма браніравання білетаў (3,7 бала). 

Для параўнання, нямецкі перавозчык Deutsche Bahn, які некалі славіўся сваёй пунктуальнасцю і надзейнасцю, заняў толькі 16-е месца з вынікам 5,9 бала. У канцы спісу апынуліся французскі Ouigo, грэцкі Hellenic Train, а на апошнім месцы – брытанскі Eurostar.

вс