Gazeta Wyborcza апісвае рашэнні амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа, які наклаў пошліны на тавары з Кітая, Канады і Мексікі і заявіў пра магчымасць увесці мыта на тавары з ЕС. На думку эканамістаў, гэта паўплывае на рост цэн, не толькі ў ЗША.
Прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо назваў гэтыя крокі здрадай шматгадовага сяброўства з Амерыкай і заявіў пра ўвядзенне мыта на амерыканскія тавары. Канадскія сродкі масавай інфармацыі пачалі разважаць пра магчымасць далучэння Канады да Еўрапейскага Саюза. Таксама Мексіка заявіла пра сіметрычны адказ, а Кітай намераны паскардзіцца ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю.
У цэнтр гэтай гандлёвай вайны трапіла Польшча, якая з 1 студзеня старшынствуе ў Еўрапейскім Саюзе. І таму ёй прыйдзецца разбірацца з рашэннямі Трампа і шукаць на іх адказ. Прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў, што гэта, магчыма, першы такі сур’ёзны тэст на салідарнасць і адзінства Еўрасаюза ў вельмі нетыповай сітуацыі, калі самы блізкі хаўруснік прымае нечаканыя і дзіўныя рашэнні.
“Мы павінны ўмець захаваць добрыя адносіны з ЗША, але мы павінны таксама мець пачуццё ўласнай годнасці і моцы. Мы павінны, несумненна, захоўваць адзінства”, - дадаў Туск. Ён сказаў, што будзе заклікаць еўрапейскіх лідараў, 5каб тыя “не ўводзілі ніякіх абмежаванняў на выдаткоўванне еўрапейскіх сродкаў на амерыканскія ўзбраенні”.
У сакавіку заканчваецца дзеянне пагаднення, заключанага паміж ЕС і адміністрацыяй тагачаснага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна аб мараторыі на ўвядзенне пошлін – як амерыканскіх на еўрапейскія тавары, так і еўрапейскіх на амерыканскія.
У сваю чаргу, выданне Forsal задаецца пытаннем, ці прынясуць пошліны Трампа адваротны эфект? Эмануэль Макрон заклікае "аддаваць перавагу еўрапейскім таварам". Прэзідэнт Францыі заявіў у панядзелак, што Еўропа павінна "змусіць сябе паважаць", калі яе гандлёвыя інтарэсы будуць пад пагрозай. Пра гэта Макрон казаў на нефармальнай сустрэчы лідараў ЕС у Бруселі.
Французскі прэзідэнт таксама казаў пра тое, што лепш аддаваць перавагу еўрапейскім закупам узбраення, каб ЕС стаў "больш незалежным" ад Злучаных Штатаў. Паводле яго слоў, выбары і заявы адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа "змушаюць еўрапейцаў быць больш згуртаванымі, больш актыўнымі" ў адказ на пытанні калектыўнай бяспекі.
Еўрапейскія краіны павінны "ісці далей" у развіцці абароннай галіны, прамысловай і тэхналагічнай базы, "узяць на сябе большыя інвестыцыі", захоўваючы "еўрапейскую перавагу", — сказаў Макрон. Ён адзначыў, што гэта азначае "большыя еўрапейскія выдаткі", уключаючы змены ў фінансаванні з боку Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ).
19 дзяржаў Еўрапейскага Саюза, уключаючы Францыю, Германію, Італію і Іспанію, у пятніцу заклікалі ЕІБ — банк, які фінансуе мэты ЕС — павялічыць фінансаванне абароннай прамысловасці. Ліст з гэтым заклікам, адрасаваны, між іншым, прэм’еру Дональду Туску ў сувязі з цяперашнім польскім старшынствам, быў накіраваны за тры дні да нефармальнага саміту ЕС, які прайшоў у панядзелак.
Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 27 краін ЕС у панядзелак падчас сустрэчы ў Бруселі абмяркоўвалі, між іншым, неабходнасць фінансавання ЕС сумесных абаронных праектаў.
нг