Беларуская Служба

Паўночнакарэйскі разварот беларускай эканомікі

18.02.2025 12:26
Аляксандр Лукашэнка каля 20 гадоў таму ён заяўляў, што прыйдзе такі дзень, калі ён пацісне руку апошняму прыватнаму прадпрымальніку ў краіне. 
       30
Плакаты Артура Вакарава на выставе ў Гданьску "30 гадоў"Беларуская служба Польскага радыё/Я. Смялоўская

Аляксандр Лукашэнка, які кіруе Беларуссю амаль 31 год, глыбока савецкі чалавек. Пра гэта сведчыць той факт, што каля 20 гадоў таму ён заяўляў, што прыйдзе такі дзень, калі ён пацісне руку апошняму прыватнаму прадпрымальніку ў краіне. То бок ён бачыць любы недзяржаўны бізнес як часова неабходнае зло, з якім трэба змагацца – і перамагчы. Клінічную ацэнку гэтага сцвярджэння варта пакінуць лекарам.

Колькасць прыватных прадпрымальнікаў скарацілася за апошні год на 6 адсоткаў

Нягледзячы на намаганні рэжыму ў Мінску, у дзевяцімільённай Беларусі па-ранейшаму застаюцца 237 тысяч прыватных прадпрымальнікаў, хаця іх колькасць за апошні год скарацілася на 6 адсоткаў. Нават калі такія тэмпы падзення захаваюцца, сямідзесяцігадовы беларускі дыктатар можа не дажыць да здзяйснення сваёй мары. Магчыма, таму ўлады ў Мінску вырашылі паскорыць працэс этатызацыі эканомікі краіны.

У пачатку мінулага года выйшла пастанова ўрада, якая звужае пералік відаў эканамічнай дзейнасці ІП і рамеснікаў. Некаторыя віды цяпер даступныя толькі юрыдычным асобам, якія знаходзяцца пад больш жорсткім дзяржаўным кантролем і павінны плаціць значна большы падатак. Таму ўрад загадаў прадпрымальнікам змяніць арганізацыйную форму. Трансфармацыя абавязковая і павінна адбыцца да канца гэтага года. Той, хто не згодны, павінен закрыць сваю справу.

Наступны крок да пераўтварэння краіны ў другую Паўночную Карэю

Але лукашэнкаўскай уладзе гэтага было мала. Таму яны вырашылі зрабіць наступны крок да пераўтварэння краіны ў другую Паўночную Карэю. З вясны гэтага года старшыням райвыканкамаў будзе дадзена права ўзгадняць кандыдатуры дырэктараў прыватных фірм. Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітры Круты нядаўна анансаваў падрыхтоўку дакументу, які значна ўзмоцніць паўнамоцтвы дзяржкіравання ў гэтай галіне. Дакумент, хутчэй за ўсё, будзе падпісаны ў наступным месяцы. Круты паведаміў, што дзяржаўныя органы не будуць патрабаваць узгаднення кандыдатур на пасаду дырэктара толькі для малых прадпрыемстваў, такіх як цырульні або дробныя аптэкі.

Ён дадаў, што галоўнай прэтэнзіяй да прыватных кампаній з боку дзяржавы з'яўляецца іх слабы ўдзел, па яго словах, у дзейнасці па развіцці гарадоў. І з гэтага часу кампаніі, якія выдзяляюць рэсурсы на пэўныя праекты па паляпшэнні інфраструктуры, нібыта атрымаюць падатковыя льготы.

Схема проста ідэальная!

Так што гіпатэтычна сітуацыя будзе выглядаць прыкладна так — прыходзіць кіраўнік прыватнага прадпрыемства да раённых уладаў «узгадняць кандыдатуру» — а яму кажуць — ты не можаш больш быць дырэктарам, бо мы цябе на гэтай пасадзе не бачым. У нас ёсць лепшая кандыдатура — былы міліцыянт ці адстаўны дзяржслужачы з вялікім досведам кіравання. Хіба што мы дамовімся, каб вы працягвалі кіраваць сваім прадпрыемствам, калі яно возьмецца за свой кошт адрамантаваць пакрыццё дзвюх вуліц у горадзе. Схема проста ідэальная! Пры такіх тэмпах машыннага даення прыватнага бізнесу мара Лукашэнкі можа здзейсніцца значна хутчэй.

Мая знаёмая, якая займаецца гандлёвым бізнесам у Мінску, сказала, што калі справы ў краіне будуць ісці ў такім напрамку, то ў яе не застанецца іншага выхаду, як пераехаць з сям'ёй хаця б у нейкі буйны расійскі горад, дзе ўмовы для вядзення бізнесу значна прасцейшыя і няма моўнага бар'еру. Працытаваць яе даслоўную ацэнку апошніх крокаў беларускіх уладаў у эканамічнай сферы я не магу з цэнзурных меркаванняў.

На яе думку, Лукашэнку і адміністрацыі насамрэч важна не выцісканне большай колькасці падаткаў з прыватнага бізнесу, а пераўтварэнне ўсёй эканомікі ў дзяржаўную, бо тады прасцей кантраляваць паслухмянасць грамадзян. «Прыватны прадпрымальнік — свабодны чалавек. І гэта для Лукашэнкі як чырвоная шмата для быка — каб любыя незалежныя ад яго людзі заставаліся ў краіне, што пад ягонай уладай», — сказала яна.

Беларусы, пазбаўленыя рэжымам магчымасці зменаў у краіне, як звычайна, «галасуюць нагамі». Летась Беларусь пакінулі, паводле розных ацэнак, ад 50 да 100 тысяч чалавек. За апошнія пяць гадоў – больш за паўмільёна. Цяпер тыя, хто з’ехаў, працуюць у эканоміках пераважна Польшчы, Літвы і Грузіі, дзе дзяржава па-іншаму ставіцца да прыватнага прадпрымальніцтва. І не называе іх «вашывымі блохамі» і «крывасмактальнымі п'яўкамі», як гэта робіць Лукашэнка.

6 тысяч кампаній, уладальнікамі якіх з'яўляюцца грамадзяне Беларусі

Толькі ў Польшчы ў 2023 годзе было зарэгістравана больш за 6 тысяч кампаній, уладальнікамі якіх з'яўляюцца грамадзяне Беларусі. Гэта істотная страта для беларускай эканомікі – паводле ацэнак адміністрацыі Лукашэнкі, летась эканамічныя і палітычныя эмігранты вывезлі з краіны не менш за некалькі сотняў мільёнаў долараў капіталу. Але, на шчасце, беларусы ментальна не паўночнакарэйцы – і ў гэтым надзея для краіны і яе прыватнага бізнесу пасля заканчэння лукашэнкаўскай дыктатуры.

З Беларусі для Польскага радыё – Ян Кшыштаф Міхаляк