Беларуская Служба

Дэфіцыту яек у Польшчы не будзе

09.04.2025 09:20
На знешнія рынкі, у асноўным у Нямеччыну, Нідэрланды, Чэхію, Вялікабрытанію, Францыю і Ізраіль, экспартуецца польскіх яек амаль на 500 мільёнаў еўра ў год.
       ,
Польшча саступае толькі Нідэрландам па аб'ёме экспарту яек, а таксама ўваходзіць у сусветныя лідарыshutterstock.com

Дэфіцыту яек у Польшчы не будзе. Краіна з'яўляецца магутным вытворцам і экспарцёрам гэтага прадукту, – піша Rzeczpospolita.

Польшча саступае толькі Нідэрландам па аб'ёме экспарту яек, а таксама ўваходзіць у сусветныя лідары,  – сведчаць дадзеныя фірмы Akcentа, якія цытуе штодзённік. Паводле падлікаў газеты, на знешнія рынкі, у асноўным у Нямеччыну, Нідэрланды, Чэхію, Вялікабрытанію, Францыю і Ізраіль, экспартуецца польскіх яек амаль на 500 мільёнаў еўра ў год.

У сувязі з узрушэннямі на сусветным рынку ў Польшчы назіраецца моцны скачок экспарту. Rzeczpospolita нагадвае, што ў ЗША назіраецца дэфіцыт яек у крамах, а цэны яек складаюць каля 1 долара за штуку. ЗША таксама з'яўляюцца адным з вядучых вытворцаў гэтай прадукцыі, але з-за эпідэміі птушынага грыпу толькі ў лютым было выбіта 12 мільёнаў курэй. У выніку ва ўсім свеце назіраецца дэфіцыт яек, таму ў студзені 2025 года іх экспарт з Польшчы павялічыўся ажно на 35% у параўнанні са снежнем.

Як падкрэслівае Rzeczpospolita, перад Вялікаднем яйкі будуць прадуктам, попыт на які істотна ўзрасце. Яйкі ў Польшчы падаражэлі на 11-13% за  мінулы год. Газета адзначае, што вытворчасць яек сутыкаецца з праблемамі, звязанымі з ростам цэнаў кармоў і энергіі, а таксама з усё больш жорсткімі рэгуляцыямі ЕС па масавай гадоўлі птушак і быдла.

«Змены, якія плануюцца ў ЕС, могуць прывесці да неабходнасці рабіць дарагія інвестыцыі ў альтэрнатыўныя сістэмы гадоўлі, што можа прывесці да павышэння цэнаў і канкурэнтаздольнасці польскіх вытворцаў на знешніх рынках», — кажа дырэктар польскага аддзялення фірмы  Akcenta Радаслаў Ярэма, якога цытавала газета Rzeczpospolita.

эж