„Да 2025 года павінна быць завершаная праграма будаўніцтва аўтамагістраляў у Польшчы”, - паведаміў міністр інфраструктуры. Паводле Анджэя Адамчыка (Andrzej Adamczyk), у рамках праграмы ў краіне павінны быць пабудаваныя 2 тысячы кіламетраў гэткіх камунікацыйных шляхоў. На дадзены момант іх у Польшчы амаль 1 700 кіламетраў.
„Цяпер працягваецца тэндэр на будаўніцтва 22 кіламетраў аўтамагістралі А18. Яшчэ сёлета мы аб’явім тэндэр на будаўніцтва 38 кіламетраў аўтамагістралі А2. У сваю чаргу ў 2020 годзе мы плануем аб’явіць тэндэр на будаўніцтва 112 кіламетраў аўтамагістралі А2 і тры адрэзкі аўтамагістралі А18”, - заявіў Анджэй Адамчык.
Міністр таксама паведаміў, што інвестыцыі ў найважнейшыя чыгуначныя маршруты павінны таксама скараціць час падарожжа.
„У 2023 годзе падарожжа з Варшавы ў Катавіцы або з Варшавы ў Кракаў будзе складаць менш, чым 2 гадзіны. У сваю чаргу цягнікі з Варшавы ў Гданьск, Сопат і Гдыню будуць ехаць значна карацей, то бок каля 2,5 гадзін”, - заявіў Анджэй Адамчык.
Нацыянальная праграма чыгуначнага транспарту прадугледжвае рэалізацыю 220 інвестыцый на суму 70 мільярдаў злотых (амаль 16,5 мільярда еўра).
аз