Беларуская Служба

Трансатлантычныя адносіны – галоўная тэма Кангрэса 590

07.10.2019 16:17
„Кангрэс 590” - адна з найбуйнейшых эканамічных сустрэч айчынных прадпрымальнікаў і палітыкаў у Польшчы.
Аўдыё
  • „Кангрэс 590” - адна з найбуйнейшых эканамічных сустрэч айчынных прадпрымальнікаў і палітыкаў у Польшчы.
Анджэй Дуда PAP/Darek Delmanowicz

Каля 7 тысяч чалавек прымае ўдзел у „Кангрэсе 590”, які ўжо чацвёрты раз стартаваў у Ясёнцы (Jasionka) ля Жэшава (Rzeszów) на паўднёвым захадзе Польшчы. Галоўнай тэмай двухдзённага мерапрыемства будуць адносіны паміж Польшчай і Амерыкай.

„Кангрэс 590” у Ясёнцы афіцыйна адкрыў прэзідэнт Анджэй Дуда. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Польшча - гэта краіна з шырокімі эканамічнымі амбіцыямі.

- Польшча мае амбіцыю пераўтварацца ў багатую краіну, у прыватнасці, краіну багатых людзей. Я веру ў тое, што сабраныя тут прадпрымальнікі з Польшчы і замежжа дапамогуць нам рэалізаваць гэтую задачу. Спадзяюся таксама, што польская эканоміка будзе ўзмацняцца і краіна апынецца ў дваццатцы найбуйнейшых эканомік у свеце.

Прэзідэнт Дуда дадаў, што Польшча хоча ўспрымацца ў Еўропе як краіна з вялікімі амбіцыямі, якая заслугоўвае падтрымкі.

- Мы хочам, каб палітыка ўраўнаважанага развіцця ў Еўрасаюзе была захаваная на цяперашнім узроўні таксама ў рамках будучага бюджэту супольнасці. Хочам магчымасцяў развіцця польскай сельскай гаспадаркі.

У сваю чаргу міністр фінансаў, інвестыцый і развіцця пераконваў, што палякі ўжо адчуваюць станоўчы эфект урадавай Стратэгіі адказнага развіцця.

Ежы Квяцінскі (Jerzy Kwieciński) падкрэсліў, што дзякуючы інвестыцыям, рэалізаваным у рамках стратэгіі, палякі адчулі высокі эканамічны рост.

- Найважнейшае, як гэта ўплывае на тое, што застаецца нам у кішэні. Паказчыкам, які гэта паказвае, з’яўляецца наяўны даход. Аказваецца, што цягам трох гадоў гэты даход вырас на 307 злотых, то бок каля 22%. Дзякуючы гэтаму палякі маюць больш сродкаў у гаманцах, могуць сабе дазволіць на лепшую адукацыю дзяцей, на выезд падчас вакацыяў.

У сваю чаргу старшыня Таварыства інвестыцыйных фондаў PZU паведаміў, што TFI PZU заключыла больш за 590 кантрактаў на кіраванне капіталавымі планамі супрацоўнікаў найбуйнейшых кампаніяў.

У цяперашні час праграма назапашвання сродкаў на будучую пенсію абавязковая для прадпрыемстваў, якія працаўладкоўваюць, як мінімум, 250 чалавек. З новага года гэты абавязак закране таксама прадпрыемствы, у якіх працуюць як мінімум 50 супрацоўнікаў.

„Цяпер мы пераходзім ад падпісання кантрактаў да кіравання грашыма супрацоўнікаў”, - заявіў падчас „Кангрэса 590 віцэ-старшыня TFI PZU Марцін Жуўтэк (Marcin Żółtek).

- Зразумела, гэта толькі пачатак. Кожны дзень мы падпісваем некалькі дзясяткаў гэткіх дамоваў. Працадаўцы, якія працаўладкоўваюць больш за 250 чалавек маюць на падпісанне дамовы яшчэ тры тыдні. Гэта сведчыць пра тэмпы ўсяго працэсу.

Кампаніі, якія заключылі з TFI PZU кантракты па кіраванні Працаўнічымі капіталавымі планамі працаўладкоўваюць у агульнай складанасці больш за 300 тысяч супрацоўнікаў.

У сваю чаргу намеснік міністра культуры Павел Левандоўскі (Paweł Lewandowski) заклікаў польскіх прадпрымальнікаў выхадзіць на новыя рынкі збыту. Ён нагадаў, што кожную дзелавую падзею ў свеце суправаджае мерапрыемства, якое прасоўвае польскую культуру.

- Мы едзем прасоўваць польскую культуру, напрыклад, у Цэнтральную Азію, ва Узбекістан, Казахстан, Таджыкістан. Такія краіны я асабіста наведаў і пісаў з гэтых візітаў справаздачы. Пры нагодзе я сустракаўся з палітыкамі. І тады аказвалася, што цяпер там назіраюцца вялікія інвестыцыйныя магчымасці. Я заахвочваю польскіх інвестараў, каб менавіта ў такіх неадназначных месцах яны стараліся весці свой бізнес.

Тым ня менш, паводле заяваў арганізатараў, галоўнай тэмай двухдзённага мерапрыемства будуць трансатлантычныя адносіны.

Арганізатар „Кангрэса 590” Лукаш Апраўскі (Łukasz Oprawski) спадзяецца, што наступствам блізкіх польска-амерыканскіх палітычных адносінаў будуць бізнес-кантакты. Агулам, як падкрэслівае Апраўскі, цікавых тэмаў для размоваў будзе больш.

-Мы будзем размаўляць таксама пра энергетыку, але памятаючы пра найважнейшую справу, то бок навакольнае асяроддзе. Закранаць будзем таксама пытанне электрамабільнасці.

Назва кангрэса навязвае да штрых-коду, якім пазначаныя тавары польскай вытворчасці. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадпрымальнікі, прадстаўнікі сусветнай навукі і няўрадавых арганізацый. Сярод сотняў выдатных гасцей варта згадаць пра Джона Ф. Келі – былога міністра ўнутранай бяспекі ЗША, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа.

Сёння на кангрэсе ў Ясёнцы будуць уручаныя эканамічныя ўзнагароды прэзідэнта Польшчы. Сярод намінаваных, у катэгорыі лідар сярод малых і сярэдніх прадпрыемстваў апынуўся завод металаапрацоўчых інструментаў Bryk з Ясёнкі, а ў катэгорыі „Міжнародны поспех” – фармацэўтычны вытворца кампанія Olimp Laboratories з Дэмбіцы (Dębica). Гэтая кампанія можа пахваліцца новай інвестыцыяў на суму 200 мільёнаў злотых, на якую 60 мільёнаў выдзеліў Еўрасаюз.

Чацвёрты „Кангрэс 590” – гэта некалькі дзясяткаў дыскусійных панэляў, якія пройдуць як у залі паседжанняў, так і іншых памяшканнях Выставачнага цэнтра ў Ясёнцы.

У аўторак да ўдзельнікаў мерапрыемства далучыцца прэм’ер Матэвуш Маравецкі.

аз