Беларуская Служба

Польшча шукае партнёраў па будаўніцтве АЭС

07.10.2019 15:11
Патрэбныя тэхналогія, грошы і ўдзел у эксплуатацыі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: slightly_different/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча шукае партнёраў па будаўніцтве першых атамных рэактараў. Палякам патрэбны капітал, тэхналогіі і супольная эксплуатацыя. Адначасова яны хочуць захаваць кантрольны пакет інвестыцыі, паведамляе Юліта Жыліньска ў выданні Dziennik Gazeta Prawna.

„Партнёр павінен распараджацца тэхналогіяй, інвеставаць разам з намі, быць гатовым застацца з намі таксама на стадыі эксплуатацыі, як мінімум у перспектыве 50-60 гадоў”, - пералічаў упаўнаважаны ўраду па справах стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі (Piotr Naimski). Аднак Польшча хоча захаваць кантрольны пакет інвестыцыі.

„Падобныя патрабаванні мае кампанія Оrlen, калі гаворка ідзе пра праект марской ветраэлектрастанцыі”, - дадае Наімскі. Выбар партнёра па гэтым праекце адбудзецца хутчэй за ўсё напрыканцы бягучага года.

Польшча хадайнічае таксама за захаванне еўразьвязаўскага дафінансавання для пашырэння газавай інфраструктуры, хоць Брусель планаваў адмовіцца ад падтрымкі выкапнёвых паліваў. Падобную палітыку намерваецца ўвесці таксама Еўрапейскі інвестыцыйны банк.

Тым часам адміністратар газавай сеткі ў Польшчы кампанія Gaz-System плануе хадайнічаць за падтрымку сваіх праектаў у рамках новага бюджэту Еўрасаюза.

Гаворка ідзе, між іншым, пра чарговыя газаправоды ў цэнтральнай Польшчы, а таксама газаправоды ў рамках Baltic Pipe. Польскія ўлады хочуць таксама атрымаць адмысловы статус для праекта будаўніцтва плаваючага газавага тэрмінала ў Гданьскім заліве. Гэта дазволіла б Польшчы атрымаць сродкі з інфраструктурнага фонду ЕС, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

аз