Беларуская Служба

Спажывецкі кошык у Польшчы працягвае даражаць

12.11.2019 17:31
Ажно на 95% выраслі цэны на бульбу, на 73% – на чорны чай, цыбуля падаражала на 44%, белы цукар-пясок – на 26%.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/Tupungatol

Спажывецкі кошык у Польшчы працягвае даражаць, паведамляе газета Rzeczpospolita. У верасні тавары і паслугі падаражалі на 5,3% у параўнанні з вераснем папярэдняга года. Такім чынам, актуальна кошт асноўнага спажывецкага кошыка складае ў Польшчы 1250 злотых (цяпер адзін еўра каштуе 4 злотыя 27 грошаў).

Пры гэтым эксперты паведамляюць, што будзе яшчэ даражэй. Эканамісты зазначаюць, што няма прычыны, каб цэны падалі, таму што растуць даходы насельніцтва, павялічваюцца цэны на электраэнергію ды іншыя носьбіты энергіі. Акрамя таго, павялічваюцца цэны на паслугі, напрыклад, прыватнай медыцыны, таму што ў Польшчы катастрафічна не хапае лекараў. Для прыкладу, калі год таму ў сярэднім візіт да ўрача каштаваў 105 злотых, то сёлета ў верасні ўжо 115.

Найбольш падаражалі тавары штодзённага карыстання. Для прыкладу, ажно на 95% выраслі цэны на бульбу, на 73% – на чорны чай, цыбуля падаражала на 44%, белы цукар-пясок – на 26%, яблыкі – на 24%, хлеб – на амаль 11%. Нагадаем, гэта параўнанне цэн у сёлетнім верасні з вераснем 2018 года. Найбольш (6,6%) цэны выраслі ў Падкарпацкім ваяводстве, якое размешчанае ў самым паўднёва-ўсходнім кутку Польшчы на мяжы з Украінай і Славакіяй. А найменш – у Апольскім ваяводстве, якое знаходзіцца на паўднёвым захадзе Польшчы, паведамляе газета Rzeczpospolita.

вс