Польскія ўлады адмянілі абавязковы двухтыднёвы каранцін для транспамежных супрацоўнікаў, вучняў і студэнтаў. Згодна з рашэннем Савета міністраў, новае палажэнне распаўсюджваецца на асоб, якія працуюць і вучацца ў Польшчы і суседніх краінах Еўрапейскага Саюза: Германіі, Славакіі, Літвы і Чэхіі.
Як распавёў прэс-сакратар урада Пётр Мюлер (Piotr Muller), рашэнне было прынятае пасля глыбокага эпідэміялагічнага аналізу.
У сувязі з тым, што сітуацыя ў польскай службе аховы здароўя стабільная, мы правялі кансультацыі з уладамі памежных рэгіёнаў Польшчы. Згаданае рашэнне было прынятае ў супрацы з уладамі суседніх краінаў.
Цяпер пры перасячэнні мяжы дастаткова прадаставіць памежнай службе дамову аб працы, або дакумент, які пацвярджае вучобу ў суседняй краіне. Аднак, новае рашэнне не распаўсюджваецца на супрацоўнікаў медыцынскай службы і ўстановаў сацыяльнай дапамогі, дадаў прэс-сакратар ураду.
Гаворка ідзе пра асобы, якія застаюцца пад найбольшай пагрозай заражэння каранавірусам, і якія маглі б прычыніцца да ўспышкі новых ачагаў хваробы ў краіне. Астатнія асобы змогуць перасякаць мяжу без абавязковага каранціну. Гэта тычыцца краінаў-членаў Еўрапейскага Саюза, з якімі мяжуе Польшча.
Пётр Мюлер таксама паведаміў, што ўрад будзе сачыць за сітуацыяй і правяраць, ці рашэнне аб ліквідацыі абавязковага двухтыднёвага каранціну не прывядзе да адмоўных наступстваў.
Нагадваем, з-за пандэміі каранавіруса польскія межы былі зачыненыя 15 сакавіка, а з 27 сакавіка транспамежныя супрацоўнікі і студэнты пасля ўезду ў Польшчу накіроўваліся ў абавязковы, двухтыднёвы каранцін.
аз