Rzeczpospolita піша пра ўплыў пандэміі каранавіруснай інфекцыі на эканоміку краін Паўднёвай Еўропы. Іспанія ўжо адмяніла каранцін для турыстаў і адкрыла межы, але натоўпаў жадаючых прыехаць на адпачынак няма. Немцы і брытанцы баяцца прыязджаць у краіну, якая значна пацярпела ад COVID-19, яны таксама не хочуць выдаткоўваць шмат грошай на вакацыі, калі няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Для Іспаніі, у якой 13% ВУП складае прыбытак з турызму, гэта вельмі дрэнна, але не менш складаная сітуацыя назіраецца ў Італіі, Грэцыі ці Партугаліі. На поўдні Еўропы ёсць, акрамя таго, структурныя праблемы: высокае беспрацоўе, вялізныя даўгі, дэмаграфічны крызіс, слабасць дзяржаўнай адміністрацыі.
Міжнародны валютны фонд прагназуе, што эканоміка Іспаніі ў гэтым годзе скароціцца на 12,8%, падобныя прагнозы для Італіі. На думку аналітыкаў МВФ, крызіс у Цэнтральнай Еўропе будзе значна меншы: у Польшчы эканоміка скароціцца на 4,6%, у Венгрыі – на 3,1%, у Чэхіі на 6,5%. Гэта краіны, якія не толькі эфектыўна абараніліся ад каранавіруса, але ў іх таксама ніжэйшая задоўжанасць, больш канкурэнтаздольная прамысловасць, лепшая структура эканомікі.
Яшчэ перад крызісам наш рэгіён даганяў поўдзень Еўропы паводле паказчыкаў нацыянальнага даходу на душу насельніцтва, а Польшча нават перагнала Грэцыю і Партугалію. А пасля пандэміі полюс беднасці ўжо на доўга перасунецца на поўдзень. Польшча выкарыстоўвае свой козыр, якім з’яўляецца геаграфічнае палажэнне каля Германіі, якое калісьці было праклёнам, а цяпер блізасць эканамічнага сэрца Еўропы дае вялікую карысць. Аднак нельга дапусціць эйфарыі. Польшча таксама бяднее, толькі павольней, чым краіны поўдня.
нг