Беларуская Служба

Міністэрства працы: На канец бягучага года беспрацоўе ў Польшчы склaдзе 7-8%

26.08.2020 11:12
Ведамства паясняе, што цяперашні рост колькасці беспрацоўных – традыцыйная, штогадовая з’ява.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: jarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле Міністэрства па справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі, узровень беспрацоўя ў канцы года складзе ад 7 да 8 адсоткаў. Кіраўнік міністэрства Марлена Малёнг (Marlena Maląg) заявіла ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё, што восенню чакаецца нязначны рост беспрацоўя.

- Пасля заканчэння перыяду сезонных работаў узровень беспрацоўя павышаецца. Гэта штогадовая з’ява і сёлета беспрацоўе таксама павысіцца. Тым ня менш я перакананая, што на канец 2020 года ўзровень беспрацоўя ў Польшчы не перавысіць 10%. Паводле нашых ацэнак, ён складзе 7-8%.

Марлена Малёнг дадала, што ўзровень беспрацоўя ў ліпені такі ж, як і ў чэрвені. Гэта, паводле яе, доказ эфектыўнасці інструментаў, уведзеных урадам для абароны рынку працы ад наступстваў эпідэміі каранавіруса.

Нагадваем, учора Галоўнае статыстычнае ўпраўленне паведаміла, што ў ліпені беспрацоўе ў Польшчы склала 6,1 працэнта. Гэта азначае, што ўзровень беспрацоўя заставаўся на ўзроўні папярэдняга месяца.

У службах занятасці былі зарэгістраваныя больш за мільён беспрацоўных, то бок на амаль 150 тысяч чалавек больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года.

аз