З моманту ўступлення Польшчы ў ЕС колькасць вынаходніцтваў, запатэнтаваных прадпрымальнікамі, павялічылася, але краіна надалей не з’яўляецца лідарам у гэтай сферы.
Паводле экспертаў, паток сродкаў, якія з 2004 года паступаюць у Польшчу з Еўрапейскага Саюза, істотна не змяніў стаўлення кампаній да тэмы абароны інтэлектуальнай уласнасці. Гэта пацвярджае статыстыка. Напрыклад, у 2012 годзе ў міжнароднай працэдуры падачы заявак на патэнт (РСТ), Польшча дасягнула ўзроўню 34% сярэдняй па ЕС, а ў 2019 годзе гэты ўзровень быў усяго на 2 працэнтны вышэйшы. Тым часам, напрыклад, у Балгарыі згаданы паказчык складае 39%, у Чэхіі - 45,5%, а ў Эстоніі - 67%.
Эксперты звяртаюць увагу на тое, што колькасць польскіх патэнтаў, атрыманых у выніку міжнароднай працэдуры РСТ , істотна не павялічылaся, хаця магчымасць атрымання сродкаў ЕС часта прымушае прадпрымальнікаў падаваць заяўку на патэнт на этапе ўкаранення інавацыйных рашэнняў.
У 2019 годзе айчынныя суб'екты падалі ў Патэнтнае ведамства Польшчы амаль 4 тысячы заявак на рэгістрацыю вынаходніцтваў і выдачу патэнтаў. Сярод іх 88 адсоткаў склалі мікра-, малыя і сярэднія кампаніі. Найбольш заявак падалі кампаніі з Мазавецкага і Сілескага ваяводстваў. Найбольшая колькасць вынаходак была звязаная з грамадзянскім будаўніцтвам, хіміяй арганічных злучэнняў і спецыялізаванымі машынамі.
Як выглядаюць польскія патэнты на фоне Еўропы? Паводле звестак Еўрапейскага патэнтавага ведамства, колькасць заявак польскіх арганізацый скарацілася летась амаль на 10%. Эксперты падкрэсліваюць, аднак, што гэтaму спаду папярэднічалі два гады значнага росту колькасці польскіх заявак.
Усяго за мінулы год Еўрапейскае патэнтнае ведамства атрымала рэкордную колькасць - больш за 181 тысячу. Гэта на 4 працэнты больш у параўнанні з 2018 годам. Краіны, якія падалі найбольш заяваў – гэта ЗША (25% ад агульнай колькасці заявак), Германія (15%), Японія (12%), Кітай (7%) і Францыя (6% ).
Цікава, што замежныя кампаніі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы, часта падаюць заяўкі ў Еўрапейскае патэнтнае ведамства. Паводле экспертаў, гэта сведчыць пра тое, што Польшча ўспрымаецца як прывабны рынак, дзе варта атрымаць і падтрымліваць патэнтную абарону.
З іншага боку, айчынныя суб'екты аддаюць перавагу нацыянальным патэнтным працэдурам, то бок абараняюць права на свае вынаходкі толькі на тэрыторыі Польшчы.
rp.pl/аз