Уласны канал на YouTube дае прыбытак, але вы павінны падзяліцца ім з падатковай інспекцыяй. Чыноўнікі нават праз многія гады могуць запатрабаваць выплаты падатку і гэта з працэнтамі. Тлумачэнне, што мы не вядзём бізнес, не дапаможа, перасцерагае газета Rzeczpospolita.
Усё больш людзей, заахвочаных інфармацыяй пра тое, што можна зарабіць на фільмах у сеціве, спрабуюць свае сілы ў інтэрнэце. „На жаль, многія з іх не ведаюць, што з'яўляюцца плацельшчыкамі ПДВ. Яны даведаюцца пра гэта толькі тады, калі зацікавяцца імі падатковыя органы”, - дадае газета. Наступствы могуць быць балючыя, то бок неабходнасць выплаты буйнога падатку, які плацяць прадпрымальнікі.
„Асноўная праблема заключаецца ў адсутнасці дакладных крытэрыяў, якія вызначаюць, калі дзейнасць на YouTube становіцца дастаткова прафесійнай, каб яе можна было лічыць бізнесам, ад якога трэба выплаціць падаходны падатак і ПДВ”, - адзначае ў размове з газетай падатковы кансультант Міхал Войтас. Ён дадае, што ад гэта залежыць, якім чынам давядзецца разлічвацца з падатковай інспекцыяй.
У сваю чаргу адвакат Яраслаў Зяброўскі нагадвае, што нават, калі хтосьці фармальна не з'яўляецца кампаніяй, то гэта не азначае, што падатковая інспекцыя не лічыць яго прадпрымальнікам. „Гэта вызначана нарматыўнымі актамі, дарэчы неадназначнымі”,- прызнае адвакат.
Паводле газеты, сумневы тычацца і таго, каму YouTube-блогер прадастаўляе рэкламныя паслугі: айчынным ці замежным атрымальнікам. Паводле адваката Давіда Мільчарэка, ютубэр, які зарабляе на рэкламе, прадастаўляе паслугу платформе, на якой транслююцца яго фільмы. Аднак мала хто правярае правілы і дамовы ў гэтым плане.
„Тым часам менавіта гэта вырашае, у якой краіне рэкламная паслуга абкладаецца падаткам”, - кажа Мільчарэк у размове з газетай Rzeczpospolita.
аз