На мінулым тыдні ўрад прыняў Нацыянальны план рэканструкцыі. Гэткі дакумент павінна была падрыхтаваць кожная дзяржава-член ЕС і накіраваць у Еўрапейскую камісію да канца красавіка. Канчаткова камісія падоўжыла час на адпраўку дакументаў на два тыдні. Нацыянальным планам рэканструкцыі ў пятніцу займалася супольная камісія ўраду і муніцыпалітэтаў. Было вырашана аб стварэнні рабочай групы, якая распрацуе прынцыпы ажыццяўлення плана.
Дакумент, які атрымала Еўракамісія можа быць яшчэ зменены кажа віцэ-міністр фондаў і рэгіянальнай палітыкі Вальдэмар Буда(Waldemar Buda):
- Мы даем сабе шанец на тэхнічны дыялог з Еўракамісіяй і не выключаем нейкіх невялікіх зменаў, як выніку згаданых перамоў. Цягам двух бліжэйшых тыдняў канчатковы варыянт дакумента будзе афіцыйна перададзены камісіі.
Пасля апошніх кансультацый з муніцыпалітэтамі поўнай падтрымкі для плана пакуль няма, сказаў мер горада Сопат Яцэк Карноўскі(Jacek Karnowski):
- Мы плануем працягваць працу над планам, паколькі мы хочам дасянгуць кансэнсусу з урадам.
Сёння Сейм прагаласуе па справе законапраекта аб ратыфікацыі Рашэння аб павелічэнні ўласных рэсурсаў Еўрасаюза. Ратыфікацыя згаданага дакумента дзяржавамі-членамі неабходная для старту выплатаў з Фонду рэканструкцыі ЕС. Аднак умовай атрымання сродкаў з ЕС стане Нацыянальны план рэканструкцыі.
Польшча можа атрымаць з Фонду рэканструкцыі ЕС амаль 24 мільярды еўра субсідый і больш за 34 мільярды еўра крэдытаў, гэта разам 58 мільярдаў еўра. Грошы павінны быць выкарыстаныя да 2026 года.
Фонд рэканструкцыі (Next Generation EU) - гэта адказ Еўрапейскага Саюза на новыя пагрозы і задачы, выкліканыя пандэміяй. Ён мае дзве асноўныя мэты: аднаўленне ўстойлівасці эканомік ЕС пасля крызісу пандэміі і падрыхтоўку да будучых, непрадбачаных выклікаў.
аз