Польскі рынак раслінных заменнікаў жывёльнага бялку павялічыўся ў мінулым годзе на 28%, перавышаючы 600 мільёнаў злотых (больш за 131, 5 тысячы еўра), піша Puls Biznesu.
„Хоць галіна развіваецца дынамічна, то яна надалей параўнальна невялікая. Кошт заменнікаў расліннага бялку ў Польшчы складае каля 0,5 мільярда злотых (больш за 109,5 мільёна еўра), што адпавядае толькі 2 адсоткам кошту самога рынку птушкі”, - кажа аналітык International Food & Agri Hub BNP Paribas Магдалена Кавалеўска.
Аднак паводле газеты, будучыня - гэта агародніна. Паводле вынікаў, цытаваных газетай даследаванняў, у 2035 годзе кожная дзясятая порцыя бялку будзе паходзіць ад альтэрнатыўных раслінных крыніц, а 90 адсоткаў самых папулярных страў будзе мець веганскія аналагі.
Па словах экспертаў банка BNP Paribas, польскі рынак раслінных заменнікаў вельмі разнастайны, паколькі ён усё яшчэ адносна малады. На ім дзейнічае мноства дробных кампаній, якія жадаюць спецыялізавацца, але ёсць і шмат такіх, якія, хоць і з'яўляюцца новымі ў гэтым сектары, то раней працавалі ў іншых сегментах і маюць ужо вядомы брэнд.
Эксперты звяртаюць увагу на два асноўныя фактары, якія спрыяюць росту папулярнасці раслінных прадуктаў: здароўе і навакольнае асяроддзе.
У даследаванні, праведзеным кампаніяй Mintel, 56% рэспандэнтаў назвалі здароўе прычынай павелічэння спажывання раслінных прадуктаў. Для больш за 25% палякаў такой прычынай з’яўляецца намер абмежаваць спажыванне мяса, а для 16% - экалогія. 34% палякаў заяўляюць, што выкарыстоўваюць раслінныя заменнікі, але толькі 6 адсоткаў робіць гэта рэгулярна.
У інтэрв'ю газеце Puls Biznesu Магдалена Кавалеўска мяркуе, што, хаця рынак раслінных заменнікаў жывёльнага бялку павялічыцца ўдвая, гэта не азначае, што раслінная прадукцыя заменіць мяса. „ Пакуль раслінныя заменнікі - гэта ў асноўным цікаўнасць спажыўцоў, але яны яшчэ не з'яўляюцца пастаянным элементам звычайнай пакупкі”, - кажа экспертка.
аз