Беларуская Служба

Беларускія праекты ў рамках «Poland. Business Harbour» абагналі па колькасці амерыканскія

28.06.2021 15:52
Мэта праграмы – дапамога беларускім прадпрымальнікам, перш за ўсё з галіны ІТ, якія пераносяць бізнес у Польшчу.
Аўдыё
  • Беларусы на польскім рынку працы
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/ravipat

У суботу ў Варшаве ў рамках праекту Беларускага Дому «Бізнес без таямніц» прайшла чарговая сустрэча з беларускімі прадпрымальнікамі, якім прыйшлося з’ехаць з Беларусі ў Польшчу.

Спецыяльным госцем суботняга мерапрыемства стала Багуслава Рудэцка – кансультантка Інвестыцыйнага Цэнтру Польскага Агенцтва па Інвестыцыях і Гандлі, каардынатар беларускіх інвестыцыйных праектаў у рамках польскай праграмы «Poland. Business Harbour». Яна распавяла, што цяпер у агенцтва больш беларускіх праектаў, чым амерыканскіх, якія звычайна на першым месцы па колькасці. На дадзены момант агенцтва абслугоўвае 38 праектаў, якія паходзяць з Беларусі.

- Гэта праекты, якія неўзабаве зарэгіструюць сваю дзейнасць, а 27 праектаў мы ўжо завяршылі. Агульны кошт дадзеных праектаў, паводле дэкларацыі фірмаў, гэта больш за 60 млн. еўра. І амаль 2 тыс. працаўладкаваных супрацоўнікаў, якія ў большасці пераехалі з Беларусі.

Мадэратарам сустрэчы быў Аляксандр Валодзін, які ў Беларусі меў свой рэстаранны бізнес, але, паколькі пагражала яму «крыміналка» за грамадскую актыўнасць, ён з’ехаў з Беларусі, не чакаючы завядзення судовай справы. У Варшаве Валодзін пачаў супрацоўніцтва з Беларускім домам.

- Мы вырашылі, што неабходна рабіць адукацыйныя мерапрыемствы, каб было нейкае ўзаемадзеянне, былі кантакты паміж прадпрымальнікамі, якім прыйшлося з’ехаць з Беларусі. Цяпер вельмі шмат прадпрымальнікаў прыязджае ў Польшчу, але гэта не той пераезд, які доўга плануецца, калі аналізуюцца рызыкі для бізнесу. Прадпрымальнікі часта з’язджаюць сюды з нічым, без грошай, яны не разумеюць, з чаго пачаць, як адкрываць свой бізнес. І таму для нас важна было зрабіць такі фармат, у якім мы не толькі запрашаем нейкага спікера, але каб была таксама магчымасць паразмаўляць, падзяліцца вопытам у нефармальнай абстаноўцы. І каб была прыемная атмасфера, каб прадпрымальнікам хацелася тут быць. Гэта і абмен вопытам, і ведамі, таму што сюды прыходзяць бізнесоўцы, якія пакінулі Беларусь даўно, працуюць тут ужо шмат гадоў, яны з прыемнасцю абменьваюцца ведамі і досведам. Для нас, канешне, гэта вельмі важна, і каштоўна для тых, хто пераехаў толькі цяпер.

На сустрэчы ў беларускім доме прысутнічала некалькі дзясяткаў чалавек, якія коратка прадставілі свае гісторыі. Многіх людзей хвалявала, ці яны змогуць хутка і без цяжкасцяў аформіць від на жыхарства ў Польшчу, калі ў іх закончацца гадавыя візы.

Канешне, прасцей за ўсё хутка адаптавацца ў Польшчы тым, у каго запатрабаваная прафесія, напрыклад, з галіны ІТ. Антон Караваеў – праграміст, які скарыстаўся праграмай «Poland. Business Harbour». Рашэнне пра выезд з Беларусі не было простым, паколькі ў Антона сям’я – трое дзяцей, на той час, калі вырашалі з’ехаць, жонка была цяжарная трэцім. Аднак, калі беларускія ўлады зачынілі межы, Антон з жонкаю вырашылі, што не могуць заставацца ў Беларусі.

Дзяржаўная праграмы «Poland. Business Harbour» была запушчана ў верасні мінулага году. Яе мэта – дапамога беларускім прадпрымальнікам, перш за ўсё з галіны ІТ, якія намераны перанесці бізнес у Польшчу.

слухайце аўдыё

нг

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы