Паводле ацэнак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, індэкс спажывецкіх цэн вырас на 7,7 працэнта. Інфляцыя перакрочыла нават песіместычныя прагнозы эканамістаў, піша Rzeczpospolita. Такія тэмпы інфляцыі абумоўленыя найперш ростам цэн на паліва і энерганосьбіты. Цэны на паліва выраслі больш чым на 36 працэнтаў у лістападзе. А цэны на энерганосьбіты (электраэнергія, газ) для насельніцтва выраслі на 13,4%. Даражэюць прадукты харчавання і безалкагольныя напоі. Цэны на тавары гэтай катэгорыі ў лістападзе выраслі на 6,4%.
Эканамісты не сумняюцца, што інфляцыя яшчэ не сказала апошняга слова. У снежні гэты паказчык, верагодна, перакрочыць 8%.
Шмат што будзе залежаць ад цэнаў на прадукты харчавання, а таксама ад цэнаў на нафту, якія абваліліся ў апошнія дні з-за апасенняў, што новы штам каранавіруса будзе тармазіць рост актыўнасці ў сусветнай эканоміцы.
«Антыінфляцыйны шчыт», прыняты ўрадам Польшчы на гэтым тыдні, прадугледжвае зніжэнне падаткаў на паліва і энергію, а таксама кампенсацыі хатнім гаспадаркам, якія найбольш пацярпелі ад павелічэння рахункаў на аплату паслуг. Праблема ў тым, што шчыт будзе працаваць толькі ў кароткатэрміновай перспектыве. У доўгатэрміновай перспектыве гэта можа спрыяць росту інфляцыі, бо нівелюе негатыўны ўплыў росту цэн на спажывецкі попыт.
Для палякаў, старэйшых за 50 гадоў, высокая інфляцыя – гэта траўматычныя ўспаміны з перыяду 1980-х і 1990-х гадоў, а для маладзейшых – новы досвед, калі пачынаецца пагоня за цэнамі.
вх