Беларуская Служба

У Польшчу масава едуць праграмісты з Усходу

24.05.2022 19:20
З пачатку года працоўную візу ў Польшчу атрымалі 21,5 тысячы ІТ-спецыялістаў, у тым ліку з Беларусі і Украіны. Гэта важны імпульс для сферы, якая змагаецца з дэфіцытам кадраў.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Indypendenz

Польшча стала сапраўдным магнітам для IT-спецыялістаў і наватараў у нашым рэгіёне Еўропы. Дасягненню гэтай пазіцыі спрыяе складаная геапалітычная сітуацыя. У Польшчу, сярод іншага, уцякаюць ад рэжыму Лукашэнкі і вайны ва Украіне, піша Rzeczpospolita.

З верасня 2021 года па праграме Poland.Business Harbor (PBH) у Польшчу прыехалі амаль 31 тысяча спецыялістаў, з іх больш за дзве траціны (21,5 тыс.) трапілі сюды за апошнія чатыры месяцы.

Эксперты ў Польшчы не хаваюць, што масавы прыток – гэта магчымасць для айчыннага IT-сектару, бо цяпер попыт на кваліфікаваных супрацоўнікаў вялізны і штогод расце. Першапачаткова праграма Poland.Business Harbor была створаная, сярод іншага, для праграмістаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсій у Беларусі. Пазней праграма была пашырана, каб уключыць украінцаў і прадстаўнікоў іншых краін з-за ўсходняй мяжы.

Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю, якое дапамагае ў перасяленні і атрыманні візаў, паказвае, што ажно 91 працэнт выдадзеных візавых рэкамендацый датычылі беларусаў. 5 працэнтаў былі грамадзянамі Расіі, 3 працэнты – з Украіны. Спецыялістаў з Украіны едзе няшмат. З пачатку вайны толькі адну з ста рэкамендацый па атрыманні візы выдавалі ўкраінцам.

На думку Марыі Майхерак (Marii Majcherek) з аддзелу партнёрства і камунікацыі Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю, меншая доля ўкраінцаў у PBH звязана, у тым ліку, з забаронаю на выезд мужчынам ва ўзросце 18-60 гадоў, а таксама з дзеяннем спецыяльнага акта, які дае людзям, якія прыехалі ў Польшчу пасля 24 лютага, права на жыхарства і ўдзел на рынку працы на працягу 18 месяцаў.

Статыстыка яскрава паказвае, што ўварванне ў Расію павялічыла колькасць экспертаў з Усходу, якія шукаюць працу ў Польшчы – у студзені і лютым было выдадзена крыху больш за 1,7 тысячы візавых рэкамендацый, тады як у сакавіку і красавіку было амаль 18,5 тысячы.

Дадзеныя польскага аддзялення міжнароднай кампаніі 7N, якая займаецца кантрактамі і ІТ-кансалтынгам, паказваюць, што ў сакавіку і красавіку на 30 працэнтаў павялічылася колькасць заявак ад ІТ-спецыялістаў з Усходняй Еўропы (у параўнанні з лютым гэтага года). Новае – запыты на працу ад расіян (хоць большасць людзей, якія ўцякаюць з краіны, накіроўваюцца ў ЗША, Германію і Грузію).

- Многія з іх наўпрост пішуць, што хочуць пакінуць Расію па палітычных матывах, – кажа Павел Здзех (Paweł Zdziech), менеджар 7N. Каб прадухіліць эміграцыю каштоўных кадраў, Крэмль укараніў шэраг стымулаў для галіны: на тры гады вызваліў ІТ-кампаніі ад падатку на прыбытак і кантролю, прапанаваў ім крэдыты і субсідыі пад нізкія працэнты, якія складалі 80% ад агульнай колькасці, а для супрацоўнікаў – ільготныя іпатэчныя крэдыты. Акрамя таго, праграмісты ва ўзросце да 27 гадоў атрымліваюць адтэрміноўку на прызыў. У выніку новых рэгламентаў у Расіі імкліва ўзрасла цікавасць да ІТ-курсаў.

Кампанія 7N фіксуе шмат запытаў ад беларусаў. Адмыслоўцы з гэтай краіны і раней прэтэндавалі на працу ў Польшчу, але цяпер іх на чвэрць больш, чым у лютым 2022 года.

Але польскі кірунак абіраюць не толькі кампаніі з Усходу. У склад стартапаў уваходзяць прадстаўнікі такіх краін, як Чэхія, Эстонія, Германія, Венгрыя, Вялікабрытанія. Брытанія і нават Аргенціна, Чылі ці Ізраіль.

Попыт на ІТ-паслугі пастаянна расце, таму прыток экспертаў з Усходу – гэта выдатная магчымасць павялічыць каманды і маштабы дзейнасці польскіх ІТ-кампаній. Гэта кваліфікаваныя спецыялісты, якія могуць быць лёгка адаптаваны да чаканняў міжнародных кліентаў і карпарацый. Больш за тое, часта гэта спецыялісты з вопытам. Важным аспектам такога тыпу эміграцыі з'яўляецца культурная блізкасць. Украінцы, беларусы, а таксама латышы і літоўцы інтэгруюцца з мясцовымі камандамі хутка і без праблем.

вх