Кіраўнік Канцылярыі прэм'ера Міхал Дворчык паведаміў, што Польшча інтэнсіўна працуе над павелічэннем экспарту ўкраінскага збожжа. З-за блакады ўкраінскіх партоў расійскай арміяй Украіна не можа экспартаваць збожжа, у тым ліку, у Афрыку. Міхал Дворчык (Michał Dworczyk) паведаміў, што на мінулым тыдні была пакліканая міжведамасная група, якая працуе з мэтай павелічэння патоку тавараў, у прыватнасці збожжа, у іншыя краіны:
- Мы павялічылі ўдвая колькасць грузавікоў, якія перасякаюць КПП у Кракаўцы. Гэта ўдалося шляхам змены арганізацыі руху і адкрыцця пяці дадатковых пунктаў афармлення. З сённяшняга дня на КПП «Дарагуск- Ягадын» (найбуйнейшы таварны КПП) мытнікі будуць афармляць выключна грузавікі і аўтобусы. Астатнія аўтамабілі і фургоны былі перанакіраваныя на іншыя памежныя пераходы.
Міхал Дворчык паведаміў, што для экспарту ўкраінскага збожжа будзе выкарыстоўвацца і чыгунка:
- Польская і ўкраінская чыгункі супрацоўнічаюць з мэтай максімальнага выкарыстання шырокай каляіны. Гаворка ідзе пра тое, каб украінскія вагоны эфектыўна ўязджалі на тэрыторыю Польшчы і далей на Захад. Мы таксама наладзілі там, дзе гэта толькі магчымае, перагрузку з украінскіх цягнікоў, на цягнікі, якія рухаюцца па вузкай каляіне ў напрамку Гданска і далей у Еўропу.
Кіраўнік Канцылярыі прэм’ера таксама запэўніў, што прыкладаюцца намаганні для падрыхтоўкі польскіх партоў да перагрузкі ўкраінскага збожжа.
Часовы павераны ў справах украінскай амбасады Алег Куц заявіў, што Украіна не плануе ніякіх кампрамісаў з Расіяй у гэтым пытанні:
- Ніякай альтэрнатывы, ніякіх дамоваў з агрэсарам, варварамі не можа быць, пакуль яны забіваюць невінаватых мірных жыхароў.
Украіна зʼяўляецца чацвёртым па велічыні экспарцёрам збожжа ў свеце. На яе тэрыторыі чакаюць на экспарт каля 30 мільёнаў тон збожжа, якое ўрад спрабуе вывозіць па сушы – аўтамабільным, чыгуначным і рачным транспартам.
IAR/аз